Сталічныя ўлады адказалі, калі Чырвоны Касцёл адкрыюць для вернікаў



У Менскім гарадскім выканкаме адказалі, калі Чырвоны Касцёл адкрыюць для вернікаў. Намеснік старшыні выканкама Арцём Цуран заявіў, што працы ў касцёле святых Сымона і Алены ў Менску на плошчы Незалежнасці пачнуцца ў наступным годзе. Пытанне наконт касцёла накіраваў прадстаўнік каталіцкай парафіі.

“Падрыхтаваная праектная дакументацыя, і ў першым квартале 2024 года павінны пачацца работы ў будынку. Пасля іх завяршэння будзе прынятае рашэнне аб аднаўленні дзейнасці касцёла”, — адказаў чыноўнік.

Летась, у ноч на 26 верасня, у Чырвоным Касцёле з нявысветленай прычыны здарыўся пажар, які паслужыў фармальнай нагодай, каб закрыць святыню для вернікаў. Парафіі не працягнулі дамову арэнды.

Беларускае Радыё Рацыя