Літаратурная прэмія імя Францішка Аляхновіча абвешчаная чарговы раз
Прэмія ўручаецца за лепшы твор аўтару, які быў у зняволенні. Заснавальнікі – беларуская служба «Радыё Свабода» і беларускі ПЭН-цэнтр.
Прэмія была заснаваная ў 2013 годзе, і тады асабіста мне падавалася, што шанцаў на доўгае жыццё ў яе няма. Бо мала адседзець «за палітыку», трэба яшчэ мець пэўны літаратурны дар.
Сёння ў лукашэнкаўскіх засценках знаходзіцца 31 чалавек, якія ў тым ці іншым фармаце працуюць са словам.
Я ўжо выказваў меркаванне, што Лукашэнка на будучыню такі помнік нерукатворны сабе «уваздзвіг», што людзі ўсяляк будуць імкнуцца схаваць, што мелі з ім сувязь.
Бо ўжо аўтары, якія ці то за кратамі ці то вызваліліся, пішуць свае сведчанні. А колькі не публікуюць, каб не нашкодзіць сабе ці сваім блізкім!
Прэмія атрымала імя Францішка Аляхновіча, бо гэты дзеяч беларускай справы першай паловы ХХ ст напісаў твор «У кіпцюрох ГПУ». Аўтару пашанцавала выжыць у ГПУ, бо саветы яго абмянялі на іншага яскравага дзеяча беларушчыны – Браніслава Тарашкевіча.
Здавалася б – такая далёкая гісторыя, але яна паўтараецца ў наш час тут і цяпер.
У лістападзе будзе прэм’ера спектаклю паводле кнігі беларускага анархіста Ігара Аліневіча «Еду в Магадан».
Як па мне, Ігар Аліневіч першы, хто максімальна шчыра і падрабязна распісаў як ламаюць псіхіку людзей у турмах.
Думаю, што некаторыя аўтары перад тым не раскрывалі ўсе нюансы, бо ім было цяжка ўзгадваць пра жыццё за кратамі.
Ігару Аліневічу далі першы раз як за ненаўмыснае забойства – восем гадоў. Усяго толькі за «кактэйль молатава», які быў сімвалічным, бо нікому і нічому не нашкодзіў.
У 2020 годзе Ігар Аліневіч з паплечнікамі быў схоплены і асуджаны як тэрарыст на 20 гадоў зняволення.
Любая дэспатыя, і лукашэнкаўская тут не выключэнне, баіцца ідэйных людзей.
Адсюль уся гэтая накачка унутраных войскаў ды розных спецслужбаў у цяперашні час. Невялікая група ідэйна матываваных, то бок, бясстрашных, і падрыхтаваных, можа зламаць, ці, прынамсі, надламаць хрыбет сілавікам, якія ў масе сваёй акурат безідэйныя.
Пералічу некаторых лаўрэатаў прэміі Аляхновіча. Першым у 2013 годзе стаўся Ігар Аліневіч. Далей: Алесь Бяляцкі, Зміцер Дашкевіч, Фэлікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп Мікола Дзядок, Зміцер Дрозд, Андрэй Саннікаў, Леанід Пятрэнка, Аляксандр Лапшын, Уладзімер Някляеў, Вольга Мікалайчык, Алесь Пушкін, Сяргей Скрабец, Андрэй Аляксандраў, Аляксандр Васілевіч, Максім Знак, Вольга Калацкая, Святлана Купрэева, Мікола Папека, Андрэй Скурко.
Спіс далёка не поўны, і на жаль не скончаны.
Але і тут сучасныя беларусы будуць унікальнымі, бо пакінуць па сабе максімальна дакладны партрэт сучаснага фашызму, у якім яны пабывалі.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя