БАТЭ прыме футбалістаў „Мінска”
Футбалісты барысаўскага БАТЭ правядуць чарговы перанесены паядынак чэмпіянату Беларусі. У матчы 18-га тура барысаўчане прымуць на полі Гарадскога стадыёна гасцей з ФК „Мінск”.
У гульні першага круга на арэне менчукоў супернікі не выявілі пераможцу, згуляўшы ўнічыю – 2:2. На мінулым тыдні БАТЭ перапыніў серыю няўдач, абыграўшы ў Мазыры „Славію” 2:0, а „Мінск” саступіў лідару чэмпіянату сталічнаму „Дынама” 0:1.
“Ягелонія” адыгралася з 0:3 cупраць «Леха»
Гульцы «Ягелоніі» ў Познані змаглі пераламіць ход сустрэчы, адыграўшыся ў матчы супраць познаньскага «Леха». Першапачаткова галы забівалі толькі гаспадары, але калі матч, здавалася, быў вырашаны а на табло гарэлі 3:0, падляшская дружына вярнулася ў гульню. І ў якім стылі! Вырашальны гол быў забіты на 96-й хвіліне з пенальці ў выкананні Бартламея Удовіка.
Заваяванае ў Познані ачко дасталося высокай цаной, якой стала траўма Афіміка Пулулу. Нападнік «Ягі» пакінуў поле на 80-й хвіліне пасля сутычкі з Есперам Карлстрамам з «Леха». Пулулу праходзіць дэталёвае абследаванне, але наўрад ці ён згуляе ў суботнім матчы супраць «Погонь Шчэцін». З улікам таго, што Хесус Імаз яшчэ не аднавіўся ад траўмы, у трэнера «Ягі» Адрыяна Семенца будзе вялікі галаўны боль, калі справа дойдзе да камплектавання нападу на гэты матч.
Чарговыя матчы лігі чэмпіёнаў. Цэнтральны матч «ПСЖ» – «Мілан»
Сёння пройдуць трэція матчы групавога этапа Лігі чэмпіёнаў. У сталіцы Францыі пазмагаюцца ПСЖ і «Мілан». Швейцарскі «Янг Бойз» прыме дзеючага ўладальніка трафея «Манчэстэр Сіці», а «Барселона» праэкзаменуе данецкі «Шахцёр». «РБ Лейпцыг» пазмагаецца з сербскай «Црвенай Звездай», а нідэрландскі «Феенорд» з рымскім «Лацыё».
Яна Каладынска не змагла прабіцца ў 1/8 фіналу турніру ў Мексіцы
Беларуская тэнісістка Яна Каладынска саступіла ў 1/16 фіналу турніру ў мексіканскім Тампіка прадстаўніцы ЗША Варвары Лепчанцы — 4:6, 6:7 (0:7). Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 3 хвіліны.
Мікіта Талапіла – першая зорка матчу ў АХЛ
Беларускі брамнік „Абацфарда” Мікіта Талапіла правёў другі матч у рэгулярным чэмпіянаце АХЛ. Яго каманда перамагла „Каларада Іглз” у авертайме — 2:1. Мікіта адбіў 34 з 35 кідкоў суперніка і па выніках сустрэчы быў прызнаны першай зоркай.
Усяго ў сезоне ў Талапілы цяпер два матчы, дзве перамогі, у сярэднім 2,16 прапушчанай шайбы за гульню і 95,3 працэнта сэйваў.
Баскетбалісты „Мінска” згуляюць з лідарам Адзінай лігі ВТБ
Баскетбалісты „Мінска” ў чарговым матчы сустрэнуцца ў гасцях з лідарам рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі маскоўскім ЦСКА. Гульня на пляцоўцы маскоўскай арэны „Мегаспорт” пачнецца ў 20.00. Сённяшнія супернікі знаходзяцца на розных палюсах турнірнай табліцы: падначаленыя Расціслава Вергуна пацярпелі паразы ва ўсіх пяці праведзеных паядынках, а армейцы выйгралі ўсе пяць сваіх матчаў.
Беларускае Радыё Рацыя