Палітзняволены Андрэй Пачобут знаходзіцца ў ШІЗА і не атрымлівае неабходных лекаў



Пра гэта падчас акцыі салідарнасці распавёў віцэ-старшыня Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі. У размове з журналістамі ён ацаніў, што становішча Пачобута ў калоніі цяжкае, дзеяч па-ранейшаму знаходзіцца ў ШІЗА.

«Сям’я атрымлівае ад яго лісты, але ў вельмі абмежаванай колькасці. З іх мы ведаем, што ён усё яшчэ знаходзіцца ў штрафным ізалятары, што ён па-ранейшаму не атрымлівае лекаў, якія яму неабходныя штодня. Мы ўсялякімі спосабамі стараемся даведацца больш і ўсяляк сачыць за сітуацыяй», — цытуе яго словы @byplradio.

Нагадаем, Пачобута асудзілі да 8 гадоў калоніі паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Рэспублікі Беларусь) і арт. 130 КК (распальванне варожасці).

Падтрымаць палітвязня: ПК № 1. 211440, Наваполацк, Тэхнічная, 8, Андрэй Станіслававіч Пачобут.

вясна