Народныя танцы Беларусі і Арменіі на марках



30 кастрычніка Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне дзве паштовыя маркі на тэму «Народныя танцы» з серыі «Сумесны выпуск Беларусі і Арменіі».

На паштовых марках прадстаўлены папулярныя народныя танцы Беларусі і Арменіі. Беларускі народны танец «Лявоніха» атрымаў сваю назву ад аднайменнай песні, у якой ідзе апавяданне пра маладога хлопца Лявона і яго дзяўчыну Лявоніху. Выконваецца парамі з сольнымі варыяцыямі. Танец дынамічны, жыццярадасны.

Армянскі народны танец «Берд» нагадвае «гульню ў купал» (па-армянску «гмбетахах»), якая была распаўсюджана ў Васпураканскай вобласці гістарычнай Арменіі. Свяшчэнны абарончы танец. Абавязковы элемент танца – пабудова крэпасці (па-армянску «берд»), калі танцоры ствараюць двухпавярховую сцяну, узбіраючыся на плечы адзін аднаму.

У дзень выпуску паштовых марак у абарачэнне на паштамце Менска і ў Ерэване (Арменія) будуць праводзіцца спецыяльныя гашэнні на канверце «Першы дзень».

Мастакі: Таццяна Дольская і Ваагн Мкртчан. Дызайн Марыны Віткоўскай. Маркі друкаваліся ў ДП «Выдавецтва «Беларускі Дом друку».

Беларускае Радыё Рацыя