Новы віток беларуска-кітайскіх дачыненняў (абнаўляецца)



“Палітычных дывідэндаў ад візіту кітайскага лідара ў Беларусь чакаць не варта. На сённяшні дзень гэта толькі дэманстрацыя электарату, што такія краіны як Кітай нас падтрымліваюць”,  – лічыць палітычны эксперт Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Фёдараў. Калі казаць пра эканамічныя аспекты беларуска-кітайскай супрацы, то была размова пра пераход ад крэдытавання да інвеставання, прыгадвае эксперт:

-Але ж пакуль што мы бачым ізноў тыя ж самыя крэдыты, і гэтыя крэдыты пераважна звязаныя, гэта значыць, што мы мусім набываць кітайскае абсталяванне і кітайскія тэхналогіі, якія ў асноўным не з’яўляюцца найлепшымі, ва ўсялякім разе ў такіх накірунках, па якіх мы асноўным чынам супрацоўнічаем. Так, нейкія грошы будуць, гэта нядрэнна, але гэта не панацэя. Гандаль, калі ў два разы і павялічыцца, то трэба глядзець на чыю карысць. Пакуль што сальда вельмі вялікае на карысць кітайцаў.

Паводле Андрэя Фёдарава, стан беларускай эканомікі ад супрацы з Кітаем хутка не палепшыцца, пэўныя перавагі хоць і будуць, але яны не прынцыповыя. Адзначым, што візіт старшыні КНР ужо завершыўся, сярод асноўных яго вынікаў называецца вылучэнне Беларусі крэдытаў, агульны аб’ём якіх дасягне сямі мільярдаў даляраў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін падчас перамоваў у Менску заявілі пра гатоўнасць перайсці на новы ўзровень супрацы. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь і Кітай фармуюць новы ўзровень сумеснага развіцця ў адносінах, у аснове якога — пераход ад крэдытнай супрацы да інвестыцыйнай. Візіт кітайскага лідара нашмат важнейшы для Беларусі ў эканамічным плане, чым у палітычным – лічыць старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька.

–  Сітуацыю, у якой зараз беларуская эканоміка, можна прызнаць тупіковай. Рэальна няма грошай. Таму самая галоўная задача для Лукашэнку – гэта знайсці, дзе перахапіць хоць нейкія грошы. І тут Кітай, мабыць, застаецца адзіным, хто мог бы нешта прапанаваць. Гэта будзе першы выпадак, калі могуць даць грошы. Дагэтуль мы атрымлівалі ад кітайцаў альбо іх прадукцыю, альбо тэхналогіі. Гэта не былі жывыя грошы.

Старшыня Кітая прыбыў у Беларусь 10 траўня з першым за апошня 14 гадоў дзяржаўным візітам. Напярэдадні Міністэрства фінансаў Беларусі паведаміла, што падчас візіту Сі Цзіньпіна ў Менск дасягнутыя крэдытныя дамоўленасці агулам амаль на 3,5 млрд даляраў.  Візіт кіраўніка Кітая ў Беларусь завершыцца сёння.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін з трохдзённым  дзяржаўным візітам знаходзіцца ў Беларусі.

Сустрэча старшыні КНР з Аляксандрам Лукашэнкам у межах візіту ў Беларусь адбудзецца 10 мая ў Палацы Незалежнасці. 11 мая ў менскай гасцініцы „Пекін” з удзелам Сі Цзіньпіна адкрыецца беларуска-кітайскі эканамічны форум. На думку палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, візіт кітайскага кіраўніка вельмі важны:

–  Заўтра яны наведаюць славутае беларускае абароннае прадпрыемства “Пеленг”, а гэта значыць, што будуць адпаведныя прапановы і запрашэнне кітайскага капіталу. Гэтым жа прадпрыемствам цікавіцца Расея. Цікава, як Лукашэнка “разруліць” інтарэсы дзвюх вялікіх краін.

Падчас візіту плануецца падпісаць дамову аб дружбе і супрацы Беларусі з КНР, дэкларацыю аб далейшым развіцці і паглыбленні дачыненняў стратэгічнага партнёрства, а таксама некаторыя пагадненні аб супрацы ў гандлёва-эканамічнай, мытнай, адукацыйнай і культурнай сферах.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belarus.by