У стартавым матчы групавога этапа асноўнага раунда Лігі чэмпіёнаў „Сталіца” перайграла грэчаскі „Дукас”



У італьянскім Эболі стартаваў асноўны раунд міні-футбольнай Лігі чэмпіёнаў у квартэце, дзе выступае беларуская „Сталіца”. У першым матчы менчане дамагліся перамогі над грэчаскім „Дукасам” з лікам 5:2. У складзе «Сталіцы» дублем адзначыўся Осіпаў, яшчэ па голу дадалі Якубаў, Шчарбіч і Віейра да Сілва.

«Нёман» упершыню ў гісторыі будзе вышэйшы за БАТЭ ў выніковай табліцы

Пасля паразы жоўта-сініх у перанесеным матчы 18-га тура вышэйшай лігі, барысаўскі клуб страціў шанцы на другі радок у турнірнай табліцы. Такім чынам, упершыню ў гісторыі гарадзенскі „Нёман” па выніках чэмпіянату апынецца вышэй за БАТЭ. Нагадаю, у 2002 годзе паміж двума клубамі была аднолькавая колькасць ачкоў, але ў залатым матчы „Нёман” саступіў з лікам 0:1. Цяпер на рахунку каманды Ігара Кавалевіча 52 ачкі, жоўта-сінія адстаюць на 17 балаў.

Аляксей Протас набраў першы бал у новым сезоне НХЛ

У рамках рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Вашынгтон Кэпіталз” выйграў у гасцях у „Нью-Джэрсі Дэвілз” з лікам 6:4. Беларускі форвард гасцей Аляксей Протас набраў першае ачко ў сезоне.
Ён гуляў у чацвёртым звяне і правёў на лёдзе ўсяго 5 хвілін 22 секунды, зрабіў выніковую перадачу, здзейсніў 1 перахоп, выйграў 1 з 3 укідванняў і зарабіў паказчык карыснасці „+1”.
У гэтым сезоне Протас згуляў 5 матчаў, у якіх набраў 1 (0+1) ачко пры паказчыку карыснасці „-2”.

Сувораў, Гарбуноў і Пышкайла прапусцяць выязную серыю менскага «Дынама»

Зубры адправіліся па маршруце Астана-Омск. Нагадаем, «Дынама» правядзе дзве гульні выязной серыі. 27 кастрычніка – у Астане супраць „Барыса”, 29 кастрычніка – у Омску супраць „Авангарда”.

Беларускія дзюдаісты не здолелі заваяваць медалі турніру серыі Вялікага шлема ў ААЭ

У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах завяршаецца турнір серыі Вялікага шлема па дзюдо, на якім пад нейтральным сцягам выступалі чацвёра беларускіх спартоўцаў. Нашу каманду на прэстыжных спаборніцтвах прадстаўлялі Ягор Варапаеў, Даніэль Мукетэ, Ксенія Даніловіч і Дар’я Канцавая. У вагавай катэгорыі да 90 кг у мужчын Ягор Варапаеў стартаваў з перамогі над брытанцам Джамалам Петгрэйвам, але ў адной восьмай фіналу прайграў Клену-Крыстаферу Кальюлайду з Эстоніі. У першым раундзе турніру ў вазе да 100 кг Даніэль Мукетэ справіўся з Міхаілам Джапарыдзэ з Грузіі, аднак на стадыі 1/16 фіналу завяршыў барацьбу, саступіўшы партугальцу Жаржэ Фансэке.
Сярод жанчын Ксенія Даніловіч, якая выступае ў вагавай катэгорыі да 52 кг, таксама прайшла толькі бар’ер стартавага этапа, адолеўшы Марыю Сідэра з Партугаліі. У адной восьмай фіналу дарогу нашай спартоўцы заступіла кітаянка Жу Ецын. Яшчэ адна беларуска Дар’я Канцавая пакінула турнір у вазе да 78 кг па выніках дэбютнай сутычкі, прайграўшы Петрунжэле Павіч з Харватыі. Усяго на спаборніцтвах серыі Вялікага шлема па дзюдо ў Абу-Дабі ў чатырнаццаці вагавых катэгорыях выступілі 450 атлетаў з 78 краін.

Беларускае Радыё Рацыя