Больш за 70% тавараабароту Беларусі прыпадае на долю краін ШАС
“Аслабіць дамінаванне Захаду ў шэрагу сфер эканомікі і фінансаў, знізіць негатыўны эфект ад незаконных санкцый і іншых абмежаванняў” можна толькі сумеснымі намаганнямі дзяржаў — удзельніц Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), заявіў 26 кастрычніка ў Бішкеку прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Паводле яго слоў, у структуры беларускага ВУП экспарт займае больш як 60%, а “на долю дзяржаў ШАС прыпадае больш як 70% усяго тавараабароту Беларусі”.
“ШАС з’яўляецца адной з нямногіх міжнародных структур, якая на справе выконвае прынцыпы роўнасці і неўмяшання ў справы дзяржаў, выступае за ўстойлівае эканамічнае развіццё рэгіёна”, — заявіў Галоўчанка. Беларусь, адзначыў ён, разлічвае “ў самым хуткім часе” ўступіць у шэрагі паўнапраўных членаў гэтай арганізацыі. А сярод гэтых членаў – Кітай, Расея, Казахстан, Таджыкістан, Кыргызстан, Узбекістан, Індыя, Пакістан, Іран.
У Менску па-ранейшаму больш за ўсё не хапае медсясцёр і лекараў
Праблема з недахопам медперсаналу ў менскіх установах аховы здароўя пакуль застаецца нявырашанай. Агенцтва “Мінск-Навіны” піша, што на 1 кастрычніка бальніцы і паліклінікі шукалі 1 806 медсясцёр і 1 541 лекара. Гэта крыху менш, чым у жніўні, але медыкі па-ранейшаму ўзначальваюць спіс самых запатрабаваных работнікаў на сталічным рынку. Нават кухараў і кіроўцаў, пра якіх дзяржаўнае агенцтва піша як пра найбольш запатрабаваных рабочых спецыяльнасцях, шукаюць радзей: адкрыты 1 071 вакансія для кухараў і 905 для кіроўцаў аўтамабіляў. Хоць у цэлым 63% вакансій у Менску тычацца менавіта рабочых прафесій. У гэтым сегменце шукаюць таксама прадаўцоў, электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні абсталявання і слесараў-рамонтнікаў, кантралёраў-касіраў. Усяго ж у Менску на 1 кастрычніка былі адкрыты 35 тысяч вакансій.
EPAM звольніць частку каманды ў Беларусі
EPAM прыняў рашэнне скараціць каля 2% штату ў Беларусі. Пра гэта выданню dev.by расказалі супрацоўнікі кампаніі. У EPAM пацвердзілі звальненні, але не назвалі лічбы. Камандзе паведамілі аб скарачэннях на анлайн-мітынгу. Усім, хто трапіў пад скарачэнне, абяцалі даслаць паведамляльны ліст на працягу працоўнага дня. Вось што dev.by расказаў адзін з супрацоўнікаў: “Крытэрыяў [выбару супрацоўнікаў], якія патрапяць пад скарачэнне, не агучылі. Але ўсім звольненым выплацяць выхадную дапамогу ў адпаведнасці з заканадаўствам”. Кампанія патлумачыла, што вымушаная пайсці на скарачэнні, каб аптымізаваць выдаткі. Ва ўмовах складанай геапалітычнай сітуацыі, эканамічнага крызісу і скарачэння бюджэтаў замоўцамі – EPAM не можа забяспечыць працай усіх супрацоўнікаў.
Паводле інфармацыі dev.by, у беларускім EPAM на канец мінулага года працавалі больш за шэсць тысяч чалавек.
З Гомеля на егіпецкі курорт зноў паляцяць чартары “Белавія”
Беларускі авіяперавозчык плануе аднавіць сезонныя палёты на курорты Егіпта не толькі з Менска, алеі з другога па велічыні горада краіны. Як паведаміла прэс-служба Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі, авіякампанія “Белавія” збіраецца запусціць чартарныя рэйсы з Гомеля ў Шарм-эль-Шэйх.
Пакуль такія палёты ажыццяўляюцца толькі з беларускай сталіцы. Бліжэйшы па часе чартарны рэйс з абласнога цэнтра на егіпецкі курорт запланаваны на 21 студзеня 2024 года. “Белавія” будзе ажыццяўляць названыя рэйсы з Гомеля з частатой адзін раз на 10 дзён.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: review.uz.