Анонс рэпартажу «Я стартавала»
15 кастрычніка ў Польшчы прайшлі парламенцкія выбары. Жыхары Падляшша выбіралі 14 з 460 дэпутатаў у Сойм і трох са ста дэпутатаў у Сенат. За іхныя галасы змагаліся многія кандыдаты, якія адклікаліся да сваіх сувязяў з беларускай нацыянальнай меншасцю і праваслаўным веравызнаннем.
Сярод іх Яўгенія Асташэвіч, былая войт вясковай гміны Бельск-Падляшскі, шматгадовая сябра партыі левых сілаў СЛД. Стартавала з пятага месца спісу выбарчага камітэту левых сілаў «Новыя левыя».
Беларускае Радыё Рацыя запрашае на рэпартаж Анны Шайкоўскай «Я стартавала»:
Яўгенія Асташэвіч, кандыдатка ад кааліцыі «Новыя левыя» на Падляшшы на выбарах 15 кастрычніка набрала 545 галасоў. Гэта не дазволіла ёй стаць дэпутатам польскага Сойму. Дэпутатам не стаў ніводзін з падляшскіх кандыдатаў, што адклікаўся да беларускай нацыянальнай меншасці і праваслаўя.
Кааліцыя «Новыя левыя» на Падляшшы атрымала каля 29 з паловай тысяч галасоў, не атрымала ніводнага мандата на Падляшшы. Тут рашуча перамагло «Права і Справядлівасць» – будзе мець 7 дэпутатаў. Па тры будуць мець кааліцыі «Грамадзянская платформа» і „Трэці шлях”, аднаго – Канфэдэрацыя.
Беларускае Радыё Рацыя