Агляд прэсы: Другі шанец
Праз тры гады пасля масавых пратэстаў у Беларусі беларусы ў выгнанні па-ранейшаму баяцца доўгай рукі Лукашэнкі. У Славакіі кабінет Фіцо ўступіў у пасаду. Вайна на Блізкім Усходзе: непаразуменне вакол заявы Гутэрыша. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Прайшло тры гады пасля лёсавызначальных прэзідэнцкіх выбараў, якія выклікалі найбуйнейшыя антыўрадавыя пратэсты ў гісторыі Беларусі. Дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адказаў жорсткім разгонам, і на пачатку 2021 года масавыя вулічныя пратэсты перараслі ў падпольны супраціў . Дзясяткі тысяч беларусаў уцяклі за мяжу, у тым ліку кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская , якая стварыла, і працягвае кіраваць, пераходны ўрад у выгнанні. Затым, у 2022 годзе, Беларусь стала плацдармам для поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, што выклікала чарговую хвалю эміграцыі. Сёння, паводле ацэнак, ад 200 000 да 500 000 беларусаў жывуць у эміграцыі. А рэжым Лукашэнкі вечна вынаходзіць новыя спосабы абмежаваць іх правы і прымусіць іх вярнуцца дадому», – піша расейскае незалежнае выданне Meduza.
«У мінулым месяцы Лукашэнка загадаў беларускім амбасадам спыніць выдачу пашпартоў грамадзянам, якія жывуць за мяжой. Згодна з указам, з гэтага часу аднаўленне пашпартоў павінна адбывацца ўнутры краіны, што прымушае выгнаных беларусаў вяртацца на радзіму, каб у іх не скончыўся тэрмін дзеяння дакументаў. Гэтая заява выклікала шок у дыяспары. Вядома, што беларусы, якія жывуць у эміграцыі, маюць праблемы з доступам да консульскіх паслугаў апошнія тры гады», – канстатуе расейскае незалежнае выданне.
***
Па сканчэнні амаль месяца пасля парламенцкіх выбараў прэзідэнт Славакіі Зузана Чапутава прызначыла новы ўрад. Гэта ўжо чацвёрты кабінет пад кіраваннем Роберта Фіцо. Гэтымі днямі Фіцо бярэ ўдзел у саміце ЕЗ у Бруселі. Чакаецца, што падчас сустрэчы ён акрэсліць і свае прыярытэты ў знешняй палітыцы. «Прага павінна скарыстацца сваімі асаблівымі адносінамі са Славакіяй і пераканаць Фіцо вярнуцца да сваёй ранейшай празаходняй палітыкі», – з такой парадай выступае пражская газета Deník.
«Прэм’ер-міністр Пётр Фіяла павінен перад сённяшнім самітам ЕЗ выпіць з Фіцо кубак кавы і запрасіць яго ў Прагу. І падчас гутаркі, сам-насам, новаспечанаму прэм’еру Фіцо трэба растлумачыць, што маецца вызначаная чырвоная рыса, і што яе перасячэнне можа на доўгі час пакласці канец адмысловым чэшска-славацкім адносінам. Трэба знайсці рашэнне, якое прадухіліла б такі сцэнар. Сёння Славакія ўяўляе сабой задачу для Еўропы, і вырашаць яе выпадае Чэхіі. Мы мусім справіцца з гэтай задачай. Гэта ў нашых інтарэсах, і ў інтарэсах Чэхіі», – заклікае мясцовае выданне.
***
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш выклікаў хвалю рэзкай крытыкі сваёй прамовай наконт блізкаўсходняга канфлікту. Хоць Гутэрыш і асудзіў напад радыкальнай ісламскай групоўкі ХАМАС на Ізраіль як «жахлівае», ён у сваёй прамове заявіў пра тое, што палестынцы падвяргаліся «задушлівай акупацыі». Як заявіў Гутэрыш, тэракты адбыліся «не на пустым месцы». «Гутэрыш падабраў правільныя словы», – лічыць берлінская газета taz.
«У тым і заключаецца задача Генеральнага сакратара: зрабіць так, каб усе бакі, уключаючы Ізраіль, выконвалі правы мірнага насельніцтва падчас канфліктаў. Улічваючы сітуацыю ў сектары Газа, зрабі Гутэрыш інакш, ён не адпавядаў бы сваёй пасадзе і спалучанай з ёй адказнасцю. Гутэрыш ні ў якім разе не адмаўляе правы Ізраілю на самаабарону ў адказ на жахлівы напад ХАМАС, роўна як і правы Ізраілю зрабіць усё магчымае для таго, каб вярнуць каля 220 закладнікаў, выкрадзеных тэрарыстамі і сілком вывезеных у Газу. Але тут неабходны ўзважаны падыход, на што справядліва і ўказаў Гутэрыш», – піша нямецкае выданне.
***
На працягу некалькіх месяцаў прэзідэнт Турцыі Эрдаган блакіраваў уступленне Швецыі ў НАТА. Аднак на днях ён прадставіў на ратыфікацыю ў парламент падпісаны ім пратакол аб уступленні краіны ў НАТА. Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг мае намер афіцыйна аб’явіць Швецыю новым сябрам абароннага альянсу ўжо напрыканцы лістапада. Пры гэтым праўрадавая турэцкая газета Daily Sabah нагадвае пра тое, што канчатковае рашэнне яшчэ не прынята.
«Застаецца незразумелым, ці будзе пратакол аб далучэнні Швецыі разгледжаны турэцкім парламентам зараз. Тым не менш, той факт, што прэзідэнт Эрдаган ініцыяваў разгляд гэтага пытання ў парламенце, уяўляе сабой новую прыступку ў развіцці працэсу. Не варта забываць і пра тое, што Турцыя пацвердзіла сваю згоду на пашырэнне НАТА, ухваліўшы ў мінулым годзе пратакол аб уступленні ў альянс Фінляндыі. На гэты раз парламент праверыць, ці зрабіла Швецыя ўсе неабходныя крокі для барацьбы з тэрарызмам, і вынесе сваё рашэнне», – адзначае турэцкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.