Ганна Кандрацюк сустрэлася з чытачамі ў беластоцкім Цэнтры праваслаўнай культуры
Публіцыстка і аўтарка кніг Ганна Кандрацюк правяла сустрэчу ў беластоцкім Цэнтры праваслаўнай культуры.
Падчас прэзентацыі пісьменніца распавяла пра кнігу «У прысценку старога лесу», якая трапіла ў шорт-ліст літаратурнай прэміі Ежы Гедройца. Кніга прысвечана жыхарам Белавежскай пушчы, чые жыцці змяніліся пасля з’яўлення дзяржаўных межаў.
– Я пішу пра такі закутак Белавежскай пушчы. З аднаго боку гэта Камянеччына, з беларускага боку, а з нашага боку — гэта Гайнаўшчына. Жыхары пушчы маюць свой асобны космас. Тут прынцыпы існавання дыктавала прырода. Увесь час трэба было змагацца, навучыцца жыць разам з прыродай. І думаю, што гэта такая двухбаковая інспірацыя.
Вёў сустрэчу Мікола Ваўранюк. З адмысловым вершам, напісаным у гонар пісьменніцы, выступіў Уладзімір Някляеў.
ХРАМ ГАННЫ
Ганне Кандрацюк-Свярубскай
Звалі Ганнай першую зіму,
У якой спазнаў я жарсці цела,
Пра якую распавёў нясмела
Толькі Богу. Аднаму Яму.
Разам з Богам споведзь слухаў снег,
Што злятаў на горад зледзянелы,
На царкву – і першародны грэх
Чысты быў, як снег той белы-белы.
З абраза на храмавай сцяне
Бог глядзеў. І позірк быў туманны.
І ці выпадкова – або не –
Храм той называўся храмам Ганны.
Я маліўся ў ім у першы раз,
У святаю Ганну закаханы.
Побач з Богам быў яе абраз
Тысячамі губ зацалаваны.
І я думаў: «Вось яна, любоў.
Мне такая, пэўна, не па сілах».
А над храмам з глыбіні вякоў
Плыў і плыў калядны спеў званоў
І гукаўся недзе ў небасхілах.
Я маліўся: «Хай любоў жыве!
Я памру, калі яе не стане!..»
І была Ўсяночная ў царкве,
І ўва мне Ўсяночная, і ў Ганне.
З той пары прайшло нямала зім.
Я забыўся, колькі раз кахаўся…
Але толькі ў храме тым святым,
Толькі перад ёй, больш ні прад кім
І маліўся я, і спавядаўся.
Раней прэзентацыі прайшлі ў Студзіводах, Дубічах Царкоўных і Варшаве.
Беларускае Радыё Рацыя