У затрыманых мігрантаў – свежыя расейскія візы
Амаль усе мігранты, затрыманыя ў апошні час польскімі памежнікамі пры спробах парушэння мяжы з боку Беларусі, маюць нядаўна выдадзеныя расейскія візы. Пра гэта заявіў RMF FM прадстаўнік штаба Памежнай аховы Конрад Швед. Паводле яго слоў, РФ стала асноўнай транзітнай краінай для мігрантаў, якія накіроўваюцца праз Беларусь у Польшчу.
Швед таксама адзначыў, што апошнім часам стала больш грамадзян Індыі і Пакістана, у той час як раней асноўная доля мігрантаў была з краін Блізкага Усходу і Афрыкі. Па ягоных словах, у новай хвалі мігрантаў амаль няма жанчын з дзецьмі. Агулам жа памежнікамі сёлета затрымліваліся прадстаўнікі 50 краін.
У сённяшняй зводцы Памежнай аховы гаворыцца, што ў чацвер праз мяжу спрабавалі перабрацца 72 чалавекі, у тым ліку з Бангладэш, Эфіопіі і Судана. 11 мігрантаў вярнуліся на беларускую тэрыторыю пры выглядзе польскага патруля.