„Арыс” Шпілеўскага саступіў „Бецісу”
Кіпрская каманда, якую ўзначальвае беларускі спецыяліст Аляксей Шпілеўскі, на сваім полі прайграла „Бецісу” ў матчы 3-га тура групавога этапу Лігі Еўроы — 0:1. „Арыс” з трыма ачкамі займае чацвёртае месца ў табліцы групы „С”. 9 лістапада каманды сустрэнуцца зноў, але ўжо ў Іспаніі.
„Сталіца” перамагла „Лучанец” у кваліфікацыі ЛЧ па міні-футболе
Спартоўцы „Сталіцы” святкавалі другую вікторыю запар у кваліфікацыйным раундзе Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе. У італьянскім Эбалі падначаленыя Аляксандра Чыбісава перамаглі славацкі „Лучанец” з лікам 3:1. Менчане адразу завалодалі перавагай і на 6-й хвіліне Сяргей Лавор адкрыў лік, а неўзабаве пасля перапынку Аляксандр Умпіровіч падвоіў перавагу. У самым канцы гульні каманды абмяняліся галамі – спачатку Роберт Грэшка скараціў разрыў да мінімуму, а потым Ільнур Ісламаў усталяваў канчатковы лік сустрэчы. Учора ў першым паядынку папярэдняй групы 8 чэмпіёны Беларусі ўпэўнена абыгралі грэчаскі „Дукас” – 5:2. У заключным паядынку 28 кастрычніка „сталічнікі” сустрэнуцца з гаспадаром турніру „Эбалі”. У стартавым туры італьянцы з мінімальнай перавагай адолелі славацкую каманду – 1:0. У элітны раунд адборавага турніру чэмпіёнскай Лігі выйдзе толькі пераможца спаборніцтваў.
Футбольная зборная Беларусі займае 100-е месца ў новым рэйтынгу ФІФА
Зборная Беларусі займае 100-е месца ў абноўленым рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА). У папярэднім спісе каманда Карласа Алоса Ферэра знаходзілася на 105-й пазіцыі, а пасля двух нічыіх у адборавых матчах Еўра-2024 з камандамі Румыніі (0:0) і Швейцарыі (3:3) узнялася на пяць радкоў. Заключныя паядынкі адборавага турніру чэмпіянату Еўропы беларускія футбалісты правядуць з камандамі Андоры (18 лістапада) і Косава (21 лістапада). Цяперашні рэйтынг ФІФА ўзначальвае чэмпіён свету – зборная Аргенціны, на другой пазіцыі – Францыя, на трэцім месцы – Бразілія. У топ-10 таксама ўваходзяць каманды Англіі, Бельгіі, Партугаліі, Нідэрландаў, Іспаніі, Італіі і Харватыі.
„Дынама” пачне выязную серыю матчам супраць „Барыса”
Хакеісты менскага „Дынама” пачынаюць выязную міні-серыю з двух матчаў у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Першы прыпынак падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага зрабілі ў Астане, дзе прымаць менчан будзе мясцовы „Барыс”. На мінулым тыдні „зубры” правялі два хатнія матчы, дзе па булітах саступілі „Куньлуню” 3:4 і ў авертайме абыгралі „Салават Юлаеў” 3:2. На гэты момант „Дынама” з 21 балам у 19 гульнях займае восьмую пазіцыю ў Заходняй канферэнцыі КХЛ, адстаючы на два ачкі ад „Сочы” і апярэджваючы на пункт „Северсталь”.
Беларуска Арына Мартынава заваявала бронзу на маладзёжным чэмпіянаце свету па барацьбе
У сталіцы Албаніі Тыране працягваецца чэмпіянат свету па барацьбе сярод атлетаў да 23 гадоў, удзел у якім у нейтральным статусе бяруць беларускія спартоўцы. Першы медаль турніру беларускай камандзе прынесла Арына Мартынава, якая выступае ў вагавай катэгорыі да 55 кг. У кваліфікацыі беларуска адолела Нову Бергман са Швецыі, а ў чвэрцьфінале – амерыканку Алішу Хоук. У вырашальны паядынак Мартынаву не пусціла Неха Шарма з Індыі, з прычыны чаго Арына адправілася ў сутычку за трэцяе месца, дзе яе суперніцай стала прадстаўніца Казахстана Зейнэп Баянава. „Бронзавы” паядынак скончыўся перамогай беларускі з лікам 8:5.
Беларускае Радыё Рацыя