Польскі інвестар згубіў кантроль над беларускай сеткай “Буслік”



Польская кампанія CDRL прызнала страту кантролю над беларускім адкрытым акцыянерным таварыствам “ДПМ”, якое кіруе сеткай крамаў “Буслік”. Кампанія называе шэраг фактараў, якія паўплывалі на гэтую сітуацыю, у тым ліку ў заяве кампаніі адзначаецца “цяперашняя палітычная сітуацыя ў Беларусі, якая выяўляецца ў значным уплыве беларускіх уладаў на фарміраванне гандлёвых адносін і эканамічнае становішча даччынага таварыства”. Польская кампанія пастанавіла спыніць пастаўкі тавараў на адрас беларускай кампаніі і спісаць пратэрмінаваную дэбіторскую запазычанасць беларускага боку.   

Цяпер буйной гандлёвай сетцы дзіцячых тавараў “Буслік”, якая мае тры дзясяткі крам у 16 гарадах, пагражае банкруцтва. Яна ў 10-дзённы тэрмін павінна пагасіць крэдыт беларускага “Альфа Банка” — $3,95 млн.

Польская CDRL набыла 90% долі сеткі дзіцячых супермаркетаў “Буслік” у канцы 2018 года, атрымаўшы з пачаткам 2019 года кантроль над беларускай кампаніяй, паведамляе reform.by.

У эканоміцы Беларусі – чарговы антырэкорд

У эканоміцы Беларусі працягвае скарачацца колькасць занятых. У верасні гэты паказчык склаў 4 мільёны 137,9 тысячы чалавек, паведамляе Белстат. Гэта на 13 100 менш, чым месяцам раней. Як заўважае “Зеркало”, гэта чарговы антырэкорд.

Аб праблеме скарачэння занятага ў эканоміцы насельніцтва гаварыў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. “Тут працуюць розныя фактары, як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя. Так, зараз у працаздольны ўзрост уступае пакаленне, якое нарадзілася ў перыяд так званай дэмаграфічнай ямы 1990-х гадоў. Ёсць і іншыя фактары”, — заявіў Раман Галоўчанка, але не канкрэтызаваў, пра якія менавіта прычыны ідзе гаворка. Паводле яго, каб вырашыць праблему, чыноўнікі маюць намер прыцягваць замежных работнікаў і максімальна задзейнічаць існуючыя працоўныя рэсурсы.

Тым часам 26 кастрычніка была зафіксаваная максімальная колькасць вакансій. У сярэдзіне дня ў агульнарэспубліканскім банку вакансій было размешчана амаль 140 тысяч прапаноў ад наймальнікаў.

Тэхнабанк аднавіў працу карт Mastercard за мяжой

Больш чым праз паўтара года Тэхнабанк вярнуў сабе статус асноўнага ўдзельніка плацежнай сістэмы Mastercard. Гэта азначае, што кліенты банка могуць зноў разлічвацца плацежнымі картамі гэтай сістэмы за мяжой, а таксама ў міжнародным анлайн-гандлі, паведамляе прэс-служба банка.

Міжнародныя аперацыі для трымальнікаў картак Mastercard, эмітаваных банкам, сталі даступныя з 25 кастрычніка. Прычым банк паведамляе, што іх функцыянал адноўлены ў поўным аб’ёме, заўважыў рэсурс Office Life.

Mastercard прыпыніла аперацыі па картах Тэхнабанка з 25 лютага 2022 года. Аналагічнае рашэнне тады прыняла і сістэма Visa. Хаця ў дачыненні да Тэхнабанка міжнародныя санкцыі не ўводзіліся. У жніўні гэтага года Visa аднавіла працу з Тэхнабанкам, і яго карткі былі адноўлены ў плацежнай сістэме.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: dana-mall.com.