Беларускі хакеіст Ілля Салаўёў дэбютаваў у НХЛ



Беларускі абаронца Ілля Салаўёў правёў першы ў кар’еры матч у Нацыянальнай хакейнай лізе. У ноч на пятніцу ў складзе „Калгары Флэймз” на матч супраць „Сэнт-Луіса” выйшаў 23-гадовы абаронца Ілля Салаўёў.

Нараджэнец Магілёва стаў 15-м беларускім хакеістам і трэцім у бягучым сезоне, які згуляў у наймацнейшай лізе планеты. Разам з Салаўёвым удзел у матчы прыняў і нападнік „агеньчыкаў” Ягор Шаранговіч. Такім чынам, упершыню за 11 гадоў за адну каманду НХЛ згулялі два беларусы. Папярэдні раз такое здаралася ў траўні 2012-га, калі за „Нэшвіл” выступалі браты Андрэй і Сяргей Касціцыны.

Нягледзячы на ўдзел адразу двух беларускіх хакеістаў, „Калгары” прайграў „Сэнт-Луісу” з лікам 0:3. Ілля Салаўёў правёў на лёдзе 16 з паловай хвілін і нанёс адзін кідок па брамцы, Ягор Шаранговіч быў на пляцоўцы крыху больш за 14 хвілін і вызначыўся двума кідкамі і пяццю выйгранымі ўкідваннямі. Гэтая параза стала для „Флэймз” чацвёртай запар, наступны матч канадская каманда правядзе ў ноч на панядзелак супраць прынцыповых супернікаў з „Эдмантана”. Паядынак пройдзе ў рамках „Класікі спадчыны” і адбудзецца на адкрытым паветры.

Віктар Гаўрыленка папоўніў шэрагі «Віцебску»

Пагадненне паміж лідарам рэгулярнага чэмпіянату і нападнікам разлічана да канца сезона. Раней у кар’еры Віктар абараняў колеры роднага „Хіміка” з Наваполацка. На працягу дзевяці сезонаў на яго рахунку 353 сустрэчы, 238 (97+141) выніковых балаў у рэгулярных чэмпіянатах, і 46 сустрэч плэй-оф з 27 (9+18) ачкамі.

Футбалісты „Энергетыка-БДУ” і „Смаргоні” адкрыюць 26-ы тур чэмпіянату Беларусі

У футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі адкрываецца праграма 26-га тура. Сёння аўтсайдэр турніру – сталічны „Энергетык-БДУ” – прыме на полі барысаўскага гарадскога стадыёна футбалістаў „Смаргоні”. У паядынку першага круга смаргонская дружына святкавала хатнюю вікторыю з мінімальнай перавагай – 1:0. На мінулым тыдні менчукі абыгралі ў Берасці мясцовых дынамаўцаў 2:0, а „Смаргонь” пацярпела буйную паразу ад „Гомеля” з лікам 0:3.

Гандбалісты „Машэкі” згуляюць з „Віктарам” у SEHA-лізе

Гандбалісты „Машэкі” правядуць чацвёрты матч на папярэднім этапе SEHA-лігі. У сённяшнім паядынку магіляўчане згуляюць у Будзёнаўску са стаўрапольскім „Віктарам”. У першым туры гандблісты „Машэкі” перамаглі на выездзе „Бусел Кітая” 32:25, а потым саступілі на сваёй арэне менскаму СКА 30:48 і лідарам групы В „Чэхаўскім мядзведзям” 29:37. Стаўрапольцы правялі пакуль адзін матч, згуляўшы ў Менску ўнічыю з армейцамі 30:30.

Беларускае Радыё Рацыя