Зяленскі заявіў, што будучыня Беларусі, як і Украіны, звязаная з Еўразвязам
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што рашэнне аб пачатку перамоў з Украінай па ўступленні ў Еўрапейскі Звяз адкрые еўрапейскую перспектыву для Беларусі і Грузіі.
«Або выйграе наша з вамі Еўропа разам з Украінай, разам з Малдовай, а ў перспектыве — разам з Грузіяй і Беларуссю, або выйграе мінулае», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў сваім звароце да ўдзельнікаў пасяджэння Еўрапейскай рады на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў 26 кастрычніка.
Раней Уладзімір Зяленскі неаднаразова згадваў Беларусь у кантэксце еўрапейскай інтэграцыі і заяўляў, што свабода Ўкраіны і яе перамога ў вайне з Расеяй з’яўляецца «гарантыяй, што свабода выстаіць у Малдове, не пакіне Грузію і прыйдзе — абавязкова прыйдзе — у Беларусь». У жніўні 2023 году Зяленскі заявіў, што ўкраінская перамога дапаможа развязаць сітуацыю ў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя