Агляд прэсы: Генеральная рэпетыцыя



Чаму ў Беларусі УНС не стане інструментам транзіту ўлады? Рэспубліканцы абралі новага спікера. Чуткі пра смерць Пуціна. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Лукашэнка заявіў у аўторак, што ў апарат Усебеларускага Народнага Сходу увойдзе каля 30 чалавек, якія будуць працаваць у Палацы незалежнасці ці ў будынку Адміністрацыі прэзідэнта», – адзначае еўрапейскае выданне iSANS.

«Новы фармат УНС не ўнясе істотных зменаў у функцыянаванне палітычнай сістэмы Лукашэнкі, але дазволіць рабіць пэўныя высновы аб кар’ерных перспектывах тых ці іншых чыноўнікаў. У законе аб Усебеларускім народным сходзе прасочваюцца дзве рысы. Па-першае, большасць прапісаных для УНС паўнамоцтваў з’яўляюцца пасіўнымі – яны толькі „сцвярджаюць”, „заслухоўваюць”, „прымаюць”. Па-другое, склад УНС будзе набраны з самой вертыкалі Лукашэнкі, што азначае, што сістэма ўзнаўляе саму сябе, пры гэтым застаючыся падкантрольнай і ў сваіх замкнёных цыклах. Адпаведна, ад апарата УНС не варта чакаць якіх-небудзь сюрпрызаў у функцыянаванні палітычнай сістэмы рэжыму, акрамя, мабыць, медыйных. Тым не менш новыя асобы ў Прэзідыуме або сакратарыяце УНС будуць паказальныя ў плане кар’ерных траекторый чыноўнікаў Лукашэнкі. Таксама нельга лічыць абгрунтаваным меркаванне пра тое, што УНС можа стаць інструментам транзіту ўлады. Ужо зараз зразумела, што пасада старшыні УНС не дае ўладу над краінай», – рэзюмуе еўрапейскае выданне.

Краіны Еўразвяза заклікалі да стварэння «гуманітарных калідораў і часовага спынення агню» ў сектары Газа. Пасля доўгіх абмеркаванняў 27 дзяржаў супольнасці ўзгаднілі сумесную дэкларацыю, у якой гаворыцца пра тое, што ЕЗ мае намер супрацоўнічаць з партнёрамі ў рэгіёне, каб абараніць мірных жыхароў і забяспечыць іх самым неабходным. Турынская газета La Stampa не хавае сваёй турботы.

«Адно пытанне становіцца ўсё вастрэйшым з кожным днём: ці здольны ЕЗ супрацьстаяць двум канфліктам такога маштабу ля сваіх дзвярэй? Такое пытанне, якое ўзнімае як мінімум два іншыя, непасрэдна звязаныя з ім і значна больш канкрэтныя пытанні. Першае: ці гатовы ўрады 27 краін ЕЗ укласці больш грошай у агульную казну для вырашэння новых задач? І другое: ці зможа ЕЗ справіцца з новым прытокам мігрантаў, якія ўцякаюць ад бомбаў, як адзначыла на днях Уршуля фон дэр Ляйен?», – задаецца пытаннем італьянскае выданне.

Новым старшынёй Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША абраны прыхільнік жорсткай лініі ад Рэспубліканскай партыі Майк Джонсан. Пасля некалькіх спробаў абрання іншых кандыдатаў, якія праваліліся, гэты прыхільнік Трампа здолеў атрымаць дастатковую большасць галасоў. Такім чынам, новы бюджэт ЗША можа быць прыняты ў сярэдзіне лістапада. На думку аглядальнікаў, гэтыя выбары маюць далёкасяжныя наступствы і для Еўропы.

«Еўропа павінна рэзка павялічыць вытворчасць узбраенняў», – заклікае стакгольмская газета Dagens Nyheter.

«ЗША – звышдзяржава з вялікім арсеналам. У Еўропе назіраецца недахоп запасаў узбраенняў, а магутнасці па вытворчасці, напрыклад, боепрыпасаў абмежаваныя. Мабыць, на гэта можна было б звярнуць увагу найперш. ВУП Еўрасаюза з’яўляецца трэцім па велічыні ў свеце , і амаль у дзевяць разоў перавышае ВУП Расеі. У Еўропы ёсць усе эканамічныя і прамысловыя перадумовы для таго, каб прывесці Кіеў да перамогі, але не хапае толькі жадання паскорыцца. Але зрабіць гэта трэба, таму што Еўропа, над якой Пуцін жадае ўстанавіць свой кантроль, – гэта наш кантынент. У Еўропы было шмат часу для нарошчвання вытворчасці – зараз гэты час на зыходзе», – піша шведскае выданне.

У чацвер ананімны расейскі тэлеграм-канал Генерал СВР паведаміў пра смерць Уладзіміра Пуціна. Канал, на які падпісаны каля 400 000 чалавек і які вядзецца меркаванымі інсайдэрамі з Крамля, раней на працягу некалькіх месяцаў паведамляў пра стварэнне пула меркаваных двайнікоў прэзідэнта, пры дапамозе якіх асяроддзе Пуціна, маўляў, мае намер захаваць уладу ў краіне ў сваіх руках. Расейскае незалежнае выданне Grani заўважае: “Вельмі важна, каб той шанец для Расеі, які дасць смерць Пуціна, у любы час не быў страчаны. Калектыўнае кіраўніцтва, якое стане ў руля непасрэдна пасля смерці Пуціна, павінна неадкладна спыніць ваенныя дзеянні, пачаць вывад войскаў з акупаваных тэрыторый Украіны і адкрыць перамовы пра зняццё санкцый у абмен на выплату кампенсацыі Украіне. Гэта будзе цяжка, бо ў першым калектыўным кіраўніцтве будуць людзі, непасрэдна адказныя за пачатак вайны, але гэта будзе неабходна зрабіць».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя