Ігар Іваноў: Мы аднавілі ў Брытаніі традыцыю беларускага кнігавыдавецтва
Пра беларускія выдавецкія справы. Традыцыйна ў фестывалі інтэлектуальнай кнігі „Прадмова” актыўна бяруць удзел прадстаўнікі беларускіх выдавецтваў, якія прэзентуюць свае новыя кнігі. Сёлета гэта былі пераважна выдавецтвы, якія працуюць у замежжы. Сярод іх і выдавецтва „Скарына”, якое нядаўна паўстала ў Лондане.
З кіраўніком выдавецтва Ігарам Івановым пагутарыў Алесь Аркуш:
РР: Што з выдавецтвамі ў Лондане?
– Мы не проста стварылі выдавецтва, мы аднавілі традыцыю беларускага кнігавыдавецтва, якое пачалося ад Яна з Літвы, таксама, у 19 стагоддзі кніжкі выдавалі. Пасля Другой сусветнай вайны было вельмі актыўнае беларускае жыццё. Яно ніколі не спынялася і кніжкі выдаваліся ўвесь час. Думаю, што Лондан быў цэнтрам беларускага самвыдату. Таццяна Астроўская, якая напісала манаграфію пра беларускі самвыдат, яна вельмі добра апісвае гэтую сітуацыю. Прагал, я б не сказаў, што ён быў такі ўжо вялікі, проста змена пакаленняў, якая адбывалася натуральным чынам. Маё пакаленне асела, што вырасла ў БССР, параўнальна не шмат было. Потым здарыўся 2020 год, калі можа быць не тое, што больш беларусаў там стала, проста вельмі шмат прачнулася. Усё актывізавалася, усе актывізаваліся. Было выразнае адчуванне таго, што мы самі хочам чытаць, мы ствараем. Тут таксама трэба разумець, што Лондан – гэта цэнтр беларускіх даследаванняў у дыяспары. Заўсёды так было з-за Скарынаўскай бібліятэкі. Як ніколі стала шмат даследчыкаў зноў прыязджаць у Лондан, бо ў Беларусь цяпер даследчыкі не могуць ехаць і там працаваць. Таму тут шмат фактараў сабралася і было зразумела, што цяпер спрыяльны час, каб пачаць штосьці рабіць па-новаму. Новыя людзі сабраліся і таму з’явілася выдавецтва „Скарына”.
РР: Напэўна засталося шмат ранейшых рукапісаў. Плануеце выдаваць спадчыну?
– Плануем. Я адразу скажу, што мы не маем манаполіі на лонданскую спадчыну. Можа быць вы заўважылі, што толькі цяпер выйшла шыкоўная кніга з творамі Льва Гарошкі.
РР: „Бацькаўшчына” выдала?
– Менавіта. Гэта сведчанне таго, што Лондан, як асяродак, большы за выдавецтва „Скарына”. Я думаю, што мы, як выдавецтва, хутчэй укліньваемся ў такія прагалы, якія існуюць ад ранейшых праектаў, ад таго, што працягваецца з ранейшых часоў. Мы спрабуем кранаць літаратуру і тэмы за якія іншыя не браліся. Наша першая кніга Агатангела Крымскага „Бейруцкія апавяданні”, пераклад праляжаў у шуфлядзе 20 гадоў для прыкладу. Гэта таксама прыклад таго, што мы пачалі выдаваць тое, што вельмі лёгка было падабраць. Я думаю, што ўжо ў наступным годзе вы пабачыце, што мы выдаём і навуковую літаратуру. Можа быць трохі менш кніг будзе таму, што першая хваля таго, што набрыняла, што трэба было аддаць чытачам, аддадзенае, а цяпер пачнецца праца над больш грунтоўнымі кнігамі.
У беластоцкай сесіі фестывалю інтэлектуальнай кнігі „Прадмова”, які пачынае сваю працу сёння ў Беластоку, ад выдавецтва „Скарына” будуць браць удзел Уладзіслаў Гарбацкі, Ганна Комар і Таццяна Астроўская.
Мерапрыемствы фестывалю будуць адбывацца ў Цэнтры імя Людвіка Заменгофа (Warszawska 19). Там і можна будзе набыць беларускія кнігі, якія выдадзены ў Лондане.
Беларускае Радыё Рацыя