Арт-агляд



Пагаворым пра Ноч (не)расстраляных паэтаў, а таксама пра завяршэнне фестывалю «Прадмова».

Сённяшнія наваствораныя беларускія дыяспары ў розных краінах я параўноўваю з полісамі Старажытнай Грэцыі. Гэтыя гарады-дзяржавы існавалі самастойна, але былі звязаныя міжсобку.

І вось цяпер напрыканцы кастрычніка ў нашых беларускіх «полісах» ладзяцца імпрэзы да Ночы расстраляных паэтаў.

З 29 па 30 кастрычніка 1937 году ў Менску былі знішчаныя больш за сто прадстаўнікоў беларускай навукі і культуры. У тым ліку шмат паэтаў, якія пазней і далі назву гэтай страшнай трагедыі, якая пазбавіла Беларусь творчай эліты. Культурнае поле ў Беларусі пачало аднаўляцца толькі ў 1960-х.

Здаецца, што імпрэзы да Ночы расстраляных паэтаў былі ці не заўжды і самі па сабе як народная традыцыя. Але ў іх ёсць аўтар – гэта Сяргей Будкін, аўтар і рэалізатар шэрагу значных культурных праектаў. Як самастойных – сайт «Тузін хітоў», так і супольных, напрыклад у межах культурніцкай праграмы «Будзьма беларусамі!».

Перад словам «расстраляныя» Сяргей дадаў часцінку «не». (Не)расстраляныя паэты.

Вось што піша ў сябе на старонцы ў фэйсбуку Сяргей Будкін: «Гэта была неймаверная прыгода, як для ўдзельніка гістарычнага падарожжа, якое пачалося шэсць год таму з адчування несправядлівасці і не перажыстасці нанесенай нам траўмы, а яшчэ ад не напоўненасці інфармацыйнай прасторы гэтай тэмай, адназначнасці сюжэтаў і падыходаў да яе трактоўкі. … Мне пашчасціла быць сведкам таго, як забытыя на дзесяцігоддзі творы вяртаюцца да чытача, як твары знакавых асобаў свайго часу, якіх выкраслілі з гісторыі, зноў становяцца пазнавальнымі

Гугліце «Ноч нерасстраляных паэтаў», імпрэзы адбываюцца ў большасці гарадоў Еўропы, дзе ёсць прыкметныя беларускія дыяспары. А таксама ў грузінскім Батумі.

__________________________

28 і 29 кастрычніка ў Беластоку адбываецца завяршэнне культурніцкага фестывалю «Прадмова». У праграме:

Ноч (НЕ)расстраляных паэтаў. Чытаюць Алесь Аркуш, Кацярына Ваданосава, Таццяна Нядбай, Уладзімір Някляеў, Віктар Сямашка, Андрэй Хадановіч.

Дыялогі з Сізіфам. Камень беларускага мыслення: размова з Валянцінам Акудовічам.

Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Някляева «САМ»

Дыскусія «Кніжны бізнес: каму патрэбная беларуская кніга ў эміграцыі?» з удзелам беларускіх выдаўцоў. Мадэратар − Алесь Кіркевіч.

Ды шмат іншага. Для ўяўлення поўнай карціны трэба набраць у пошукавай сістэме словы «Фестываль Прадмова».

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя