Украіна безупынна ўмацоўвае мяжу з Беларуссю



Дзяржаўная памежная служба Украіны паведаміла, што ўмацаванне мяжы з Беларуссю не спыняецца.

Пры гэтым перасоўвання беларускіх вайскоўцаў і тэхнікі не фіксуецца – у адрозненне ад сітуацыі на ўкраінска-расейскай мяжы. 

„Нашыя вайскоўцы, інжынерныя групы памежнага ведамства ствараюць укрыцці для асабістага складу і тэхнікі, назіральныя і агнявыя збудаванні, барыкады і перашкоды для транспарту на ўсіх магчымых небяспечных напрамках па ўсёй лініі мяжы з Беларуссю”, – гаворыцца ў паведамленні Дзяржаўнай памежнай службы Украіны.

Там таксама наладжваюць сістэму кругласутачнага відэаназірання дзеля кантролю абстаноўкі.

Пры гэтым прэс-сакратар украінскай памежнай службы Андрэй Дэмчанка канстатаваў, што на беларускім баку не фіксуецца перасоўвання вайскоўцаў і тэхнікі, а таксама выведнай дзейнасці.