Гарадзенскія ўлады забаранілі Хэлоўін



Гарадзенскі аблвыканкам забараніў Хэлоўін. Распараджэнне пра забарону Хэлоўіна разаслаў напярэдадні свята Гарадзенскі аблвыканкам.

Атрымальнікі – Гарадзенскі гарвыканкам і райвыканкамы вобласці, а таксама мясцовы БРСМ. У тэксце ліста чыноўнікі звяртаюць увагу на недапушчальнасць правядзення мерапрыемстваў і папулярызацыя свята “Хэлоўін”. Забараняецца любая яго атрыбутыка – гарбузы, павуцінне, маскі на дзвярах і не толькі, піша “Зеркало”.  На думку абласных чыноўнікаў, Хэлоўін нібыта „прапагандуе гвалт, агрэсію, асацыяльныя паводзіны дзяцей і моладзі” і супярэчыць „гістарычным, культурным і духоўным традыцыям беларускага народа”.

Як піша Hrodna.life, з Хэлоўінам у Беларусі пачалі актыўна змагацца ў 2022 годзе. Усё пачалося з актыўных зваротаў да ўладаў гарадзенскай прарасейскай актывісткі Вольгі Бондаравай і яе паслядоўнікаў. Падобныя працэсы адбываюцца і ў Расеі. Там на замену Хэлоўіну ў адным з рэгіёнаў нават прыдумалі “славянскае свята Гарбузовы спас”.

Беларускае Радыё Рацыя