Расея пад украінскай Аўдзееўкай зазнала вялізныя страты



Брытанская ваенная выведка лічыць, што Расея падчас наступу на Аўдзееўку Данецкай вобласці зазнала ці ня самыя высокія страты ў 2023 годзе, паведамляе міністэрства абароны Вялікай Брытаніі ў штодзённым аглядзе сітуацыі ва Украіне.

Паводле брытанскай выведкі, на працягу апошняга тыдня працягваліся цяжкія, але безвыніковыя баі ў раёне Аўдзееўкі, дзе ў сярэдзіне кастрычніка Расея пачала маштабны наступ.

“Верагодна, у гэтым раёне былі сканцэнтраваныя падраздзяленні да васьмі брыгад. Гэтыя часткі, напэўна, панеслі адны з самых высокіх страт у 2023 годзе”, — піша Мінабароны Вялікай Брытаніі.

Страты цяжкай расейскай тэхнікі ў раёне Аўдзееўкі Данецкай вобласці, верагодна, падарвуць наступальныя магчымасці Расеі ў доўгатэрміновай перспектыве, гаворыцца ў чарговым аглядзе амерыканскага Інстытута вывучэння вайны.

„Радыё Свабода”