Уладзімір Някляеў на фестывалі „Pradmova”



У Беластоку сёння працягвае сваю працу Фестываль інтэлектуальнай кнігі „Pradmova”.

У Культурным цэнтры імя Людвіга Заменгофа праходзяць прэзентацыі кніг, дыскусіі, лекцыі і нават узнагароджанні літаратурнымі прэміямі. Падчас дыскусіі пра патрэбу перакладаў на беларускую мову з блізкіх моваў, выказаў сваю думку паэт Уладзімір Някляеў:

– Колькі жыву, а жыву нямала, я чую інтэлектуальную дыскусію пра тое, ці трэба перакладаць рэчы, якія існуюць на даступных для беларусаў мовах. І колькі разоў кажу, гэтае пытанне ўвогуле не мусіць стаяць перад намі. І ўсё адно пытанне стаіць і стаіць. Ёсць пласт культуры, мы займаемся культурай, ёсць пласт сусветнай культуры, і мы павінны напаўняць свой пласт культуры здабыткамі сусветнай культуры. Гэта аксіёма павінна быць для ўсіх, хто займаецца сусветнай культурай.

Сёння ўвечары ў Цэнтры Заменгофа пройдуць прэзентацыі кніг Уладзіміра Някляева, Валянціна Акудовіча, Ганны Комар і Алеся Бяляцкага, адбудуцца ўзнагароджанні прэміямі імя Алеся Адамовіча і Францішка Багушэвіча, а таксама адбудуцца паэтычныя чытанні „Ночы (не)расстраляных паэтаў”.

Беларускае Радыё Рацыя