Cусветная прэса пра Беларусь: Доўгі беларускі шлях



Ці можа ЕЗ дапамагчы беларусам, якія стаяць перад выбарам паміж асобай без грамадзянства і турмой? Рэжым Лукашэнкі пераследуе хрысціянскае духавенства. Беларусы ў большасці патрыятычныя, але толькі мізер ганарыцца тым, чаго дасягнула іх краіна, і гатовыя яе абараняць.

«Урад Беларусі хоча адрэзаць тых, хто ўцякае з краіны. Альтэрнатыўны пашпарт можа быць рашэннем. Уявіце, што вы жывяце ў чужой краіне і тэрмін дзеяння вашага пашпарта заканчваецца. У вас ёсць толькі два варыянты: альбо вярнуцца дадому, каб атрымаць новы, і рызыкаваць быць арыштаваным па прыбыцці, альбо застацца на месцы без належных дакументаў», – піша міжнароднае выданне The Open Democracy.

«З такой сітуацыяй сутыкнуліся беларусы, якія жывуць за мяжой, у тым ліку многія дысідэнты, якія самавыехалі, каб пазбегнуць працяглых турэмных тэрмінаў. Лукашэнка забараніў дыпламатычным прадстаўніцтвам за мяжой абменьваць, падаўжаць і выдаваць новыя беларускія пашпарты. Новы дэкрэт таксама прадугледжвае, што беларусы, якія жадаюць прадаць нерухомасць, машыну або атрымаць копію вышэйшай адукацыі, могуць зрабіць гэта толькі асабіста ў Беларусі. Даверанасць, выдадзеная за мяжой, ужо не будзе працаваць. Гэтая дылема не для ўсіх аднолькава вострая, не ўсе, хто з’ехаў з краіны, зрабілі гэта таму, што былі ўпэўненыя, што іх чакае турма. Але асаблівасць масавых рэпрэсій у Беларусі ў тым, што людзі часта не здагадваюцца, што трапілі ў поле зроку спецслужбаў. Для гэтага неабавязкова быць журналістам, удзельнічаць у акцыях пратэсту ці займацца палітычнай дзейнасцю; людзі траплялі ў турму за тое, што ім спадабалася ў сацыяльных сетках шмат гадоў таму. Гэта азначае, што ніхто, хто вяртаецца ў Беларусь, не можа адчуваць сябе ў поўнай бяспецы. Было настолькі відавочна, што Менск ідзе да поўнага разрыву сувязяў з заморскімі беларусамі, што апазіцыя пачала працаваць над рашэннем задоўга да выхаду ўказу. У жніўні праект «альтэрнатыўнага пашпарта» быў прадстаўлены Аб’яднаным пераходным кабінетам міністраў, урадам у выгнанні на чале з кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2020 года Святланай Ціханоўскай, які дзейнічае з Літвы. У верасні паведамлялася, што беларускія спецслужбы затрымалі першага чалавека, які вярнуўся па новы пашпарт. Паводле звестак Цэнтра беларускай салідарнасці, у Польшчы пражывае не менш за 300 000 беларусаў, але па стане на жнівень 2023 года толькі 5 230 атрымалі дадатковую абарону ў краіне ў якасці шукальнікаў прытулку, а яшчэ 463 атрымалі статус бежанцаў. Указ Лукашэнкі, верагодна, падштурхне еўрапейскія краіны да розных саступак у пытанні легалізацыі беларусаў. Для Лукашэнкі сітуацыя бяспройгрышная: незалежна ад таго, атрымаюць палітэмігранты альтэрнатыўны пашпарт, стануць уцекачамі ці вернуцца ў Беларусь і апынуцца за кратамі, яны будуць дэ-факта выключаныя з таталітарнага грамадства, якое ён будуе», – падсумоўвае міжнароднае выданне.

Ад палітычных рэпрэсій рэжыму Аляксандра Лукашэнкі пацярпелі 60 вернікаў, якія прадстаўляюць усе хрысціянскія канфесіі, якія дзейнічаюць у Беларусі. Такія дадзеныя апублікаваныя ініцыятывай «Хрысціянскае бачанне», якая займаецца маніторынгам палітычнага пераследу беларускіх хрысціян, распаўсюджвае польскае выданне TVP.

„Свяшчэннаслужыцеляў штрафавалі, затрымлівалі і саджалі ў турму. Здаралася, што святароў затрымлівалі падчас выканання абавязкаў. Пасля сфальсіфікаваных уладамі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года найбольшую групу пераследаваных хрысціян у Беларусі складаюць прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла — 21 чалавек. Гэта святары, навучэнцы семінарыі і катэхеты. У спісе праваслаўнага духавенства, якое перасьледуецца рэжымам, значыцца 19 імёнаў. Трэцяя група хрысьціянаў паводле колькасьці пераследаванага духавенства — гэта пратэстанты. Зараз за кратамі знаходзяцца чатыры прадстаўнікі хрысціянскіх Цэркваў. Самы жорсткі прысуд — 16 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму — атрымаў айцец Сяргей Рэзановіч. Праваслаўнага святара асудзілі нібыта за «ўдзел у злачыннай арганізацыі» і «за неканстытуцыйны замах на захоп улады». Разам з бацькам Рэзановіча драконаўскія прысуды атрымалі жонка (прысуд — 15 гадоў калоніі) і сын (19 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму). Яшчэ адзін праваслаўны святар, Яўген Глушкоў, адбывае дзевяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за «здраду дзяржаве» і «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». Злачынства праваслаўных заключалася ў тым, што яны сфатаграфавалі раён ваеннага аэрапорта Зябраўка, які выкарыстоўваўся расейскімі вайскоўцамі для нападу на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Суду і прысуду чакае і былы студэнт каталіцкай семінарыі Вячаслаў Беладзед. Супраць яго распачата крымінальная справа нібыта за «распальванне варожасці і нянавісці». Не абмінулі пераслед і прадстаўнікі мусульманскай меншасці Беларусі. У гэтым месяцы КДБ арыштавала навуковую супрацоўніцу Акадэміі навук Беларусі, выдатную знаўцу гісторыі і культуры беларускіх татараў і ўсходніх моваў Зарыну Канапацкую. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў сацыяльных пратэстах у 2020 годзе”, – піша польскае выданне.

«84 працэнты беларусаў лічаць сябе патрыётамі сваёй краіны, але толькі 55 працэнтаў ганарацца тым, што зрабіла іх краіна, і толькі 56 працэнтаў гатовыя абараняць у цяжкія часы. Пра гэта сведчаць вынікі новага апытання ў Віцебскай вобласці, якое правёў Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (БІСІ)», – піша еўрапейскае выданне The Window On Eurasia.

„Апытанне, падтрыманае Браслаўскімі раённымі ўладамі, падае карціну як тым, хто бачыць, што беларусы ўсё больш кансалідуюцца вакол сваёй краіны і яе інстытутаў, так і тым, хто лічыць, што не будзе гатовы абараняць яе ад расейскіх дзеянняў, каб падпарадкаваць яе Маскве. Амаль тры чвэрці апытаных успрымаюць патрыятызм ў Беларусі не як дзяржаве, але як раёну, гораду ці вёсцы, і гэта сведчыць пра тое, што нацыябудаўніцтву у Беларусі яшчэ трэба прайсці доўгі шлях. Але крыху больш апытаных ідэнтыфікуюць яго з пункту гледжання нацыянальных традыцый і мовы, даючы надзею на будучыню”, – канстатуе еўрапейскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя