Ала Пігальская пра праект „Шрыфтавы архіў”
„Госця Рацыі” — Ала Пігальская, якая даследуе шрыфты беларускіх мастакоў.
Зараз Ала распрацоўвае праект „Шрыфтавы архіў”, у якім вызначае паралелі паміж афармленнем беларускіх кніг і эпохамі, у якіх яны выдаваліся. Яна распавяла, чаму паміж 90-мі і XVI стагоддзем больш агульнага, чым мы думаем, а таксама якую літару страцілі беларусы.
РР: Якую лекцыю вы падрыхтавалі для наведнікаў фестывалю „Pradmova”?
– Я хацела б распавесці пра мой праект, які называецца „Шрыфтавы архіў”. То бок гэта праект па гісторыі шрыфтоў, якія выкарыстоўваюцца ў беларускіх кнігах, якія друкаваліся масавым тыражом. Праект даволі новы і першая тэма пра якую я вырашыла распавесці – гэта маляваныя шрыфты 90-х 20-га стагоддзя. Чаму маляваныя, бо напрыканцы 80-х і ў савецкім кніжным дызайне даволі распаўсюджаныя былі маляваныя шрыфты. Да распаду Савецкага Саюза ўсё было даволі абмежавана з-за савецкіх ідэалагічных установак. У 90-я распаўся Савецкі Саюз і атрымалі распаўсюд лічбавыя шрыфты, новыя тэхналогіі. Быў такі перыяд, калі мастакі малявалі шрыфты, але ўжо не было ідэалогіі і тэхналагічна было даволі шмат магчымасцяў. Эстэтычная рэвалюцыя супала з палітычнымі зменамі. Калі мы паглядзім на гэты перыяд, то выдавалася шмат гістарычнай літаратуры, шмат этнаграфічнай. Здабыццё незалежнасці, як на ўзроўні навуковага дыскурсу, ён стаў даволі адметны. Таксама на ўзроўні аздаблення кніг. У тыя даволі цяжкі часы, з эканамічнага пункту гледжання, кніжкі друкаваліся на паперы дрэннай якасці, друк быў не вельмі якасны. Яны можа не выглядаюць вельмі эфектна, але калі мы прыгледзімся, для чаго я і стварыла гэты праект, то можна пабачыць, што яны ўнікальныя і цікавыя. Можа гэта такі ракурс на нашу гісторыю, якія і калі выкарыстоўваліся шрыфты, якія шрыфты малявалі мастакі, гэта дапаможа зразумець нашу тоеснасць, нашу ідэнтычнасць.
РР: У чым галоўная адметнасць шрыфтоў 90-х?
– Галоўная адметнасць у тым, што было абмежаванне па карыстанні шрыфтом. Калі тэма кніжкі ці часопісу тычылася палітычнай тэматыкі, то гэта была „Антыква” такія шрыфты з засечкамі. Калі прамысловыя тэмы, звязаныя з вытворчасцю, то гэта „Гратэск” і ўсё. Контурныя нейкія віды шрыфтоў і ўсё. Мастакі знаходзілі цікавыя рашэнні, але былі абмежаванні. І вось прыходзяць 90-я, з’яўляецца цікавасць да нацыянальнай гісторыі, з’яўляюцца адсылкі да скорапісу Вялікага Княства Літоўскага. З’яўляюцца шрыфты, якія літаральна цытуюць нейкія элементы скорапісу ВКЛ 16-га стагоддзя. Ёсць прыклады мастацкай інтэрпрэтацыі, нейкіх формаў, якія мы бачым у скорапісе ВКЛ.
Беларускае Радыё Рацыя