Лукашэнкаўскага дыпламата выклікалі ў МЗС Літвы з-за пагроз рэжымнага генерала



У панядзелак у Міністэрства замежных спраў Літвы быў выкліканы часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь Яраслаў Хмыль, яму ўручылі ноту пратэсту, паведамляе Delfi.lt.

Як адзначаецца ў паведамленні міністэрства, у ноце выказаны рашучы пратэст супраць выступлення першага намесніка дзяржсакратара Рады бяспекі Беларусі Паўла Муравейкі, апублікаванага ў выданні «Вячэрні Мінск» 24 кастрычніка гэтага года.

«Такія заявы могуць быць расцэненыя як адкрытая пагроза нападу на Літву, яны цалкам непрымальныя», — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

Літоўскае МЗС таксама запатрабавала ад Беларусі неадкладна даць афіцыйнае тлумачэнне заявы Муравейкі і нагадала, што Літва прыме ўсе магчымыя меры для гарантавання бяспекі, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. 

Намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі Павел Муравейка заявіў, што «Беларусь мае права прарубіць калідор у Літву сілай зброі» ў адказ на ўвядзенне гэтай краінай санкцый.