Марыя Хазбіевіч: Падляшша – гэта вельмі шматкультурнае асяроддзе
На Падляшшы пражываюць амаль палова з агульнапольскай колькасці прадстаўнікоў татарскай нацыянальнай меншасці.
Паводле апошняга перапісу насельніцтва, у Польшчы пражывае каля двух з паловай тысяч татараў. З іх на Падляшшы амаль палова – крыху болей за тысячу прадстаўнікоў гэтай нацыянальнай меншасці. У фондзе „Царкоўная музыка” у Гайнаўцы адбылася сустрэча з адной з актыўных прадстаўніц татарскай меншасці Падляшша – Марыяй Хазбіевіч:
– Падляшша – гэта вельмі шматкультурнае асяроддзе. Татары тут паявіліся 620-650 гадоў таму, у часы Вялікага Княства Літоўскага. Цяпер татары падзеленыя на тры краіны – Беларусь, Польшча і Літва. Калісьці гэта была адна тэрыторыя. Тут на Падляшшы кароль Ян Сабескі III надаваў зямлю татарскім сем’ям у якасці ўзнагароды за службу, якую татары тут неслі. І так атрымалі зямлю на тэрыторыі Падляшша.
Падляшскія татары здаўна найбольш расселеныя ў Сакольскім павеце Падляшша. А менавіта ў ваколіцах Саколкі, Сухаволі, Дубровы Беластоцкай, Бахонікаў ды ў Крушынянах. У апошніх двух маюцца – мячэці.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя