Прадукцыю Liqui Moly, Škoda і Beiersdorf у Беларусі надалей не пабачым
Забарона на ўвоз і продаж у Беларусі тавараў Liqui Moly, Škoda і Beiersdorf (а гэта ў тым ліку брэнд Nivea) упершыню падоўжана больш чым на год. Дзеянне “спецыяльных мер” у дачыненні да прадукцыі шэрагу еўрапейскіх вытворцаў працягнута да 31 снежня 2024 года. Адпаведны дакумент Савета Міністраў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Упершыню контрсанкцыі ўвялі на паўгода 23 красавіка 2021 года, пазней кожныя паўгода іх падаўжалі, а цяпер падоўжылі адразу на год. “Спецыяльныя меры” ў адносінах да названых кампаній былі ўведзены “для забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў, з улікам недружалюбных дзеянняў у дачыненні да беларускага народа”, заяўляў беларускі бок.
Як прыгадвае “Позірк”, згаданыя кампаніі заявілі, што не будуць спансіраваць чэмпіянат свету па хакеі 2021 года, які планавалася правесці ў Менску і Рызе, калі Беларусь застанецца суарганізатарам. У выніку чэмпіянат прайшоў у Латвіі, а супраць кампаній афіцыйны Менск увёў санкцыі.
У Беларусі пачалі варыць піва Kronenbourg
Менская кампанія “Аліварыя”, якая ўваходзіць у міжнародную карпарацыю Carlsberg Group, пачала вытворчасць вядомага французскага брэнда Kronenbourg 1664 Blanc. Пра гэта прэс-служба кампаніі расказала выданню Office Life. У кампаніі ўдакладнілі, што ў “Аліварыі” ёсць выключнае права прадстаўляць міжнародныя брэнды на тэрыторыі Беларусі. Некалькі з іх ужо лакалізаваныя.
Гендырэктар кампаніі Ілля Крапівін адзначыў, што ва ўмовах ускладненай лагістыкі лакальная вытворчасць — найбольш камерцыйна апраўданы варыянт для бізнесу. Таксама ён паведаміў, што праект па лакалізацыі “1664 Blanc” заняў практычна год. Акрамя таго, для выканання ўсіх умоў лакалізацыі спатрэбіліся інвестыцыі ва ўстаноўку абсталявання. Рэч у тым, што пры вытворчасці “1664 Blanc” павінны выкарыстоўвацца асаблівыя “імянныя” дрожджы Kronenbourg. Дрожджы для гэтага гатунку, як і для іншых, што вырабляюцца на заводзе “Аліварыя”, даставілі з Даніі з цэнтральнай лабараторыі групы Carlsberg.
За 26 мільёнаў рублёў можна купіць цэлае прадпрыемства
Фармацэўтычнае прадпрыемства “NatiVita” выстаўлена на аўкцыён. Пачатковы кошт лота – крыху менш за 26 млн рублёў. Гэта менавіта тое прадпрыемства, якое прайграла суд вытворцу вакцыны “Спадарожніка V”, і мела выплаціць расейскай фармацэўтычнай кампаніі “Біякад” два мільёны даляраў. Навукова-вытворчы комплекс “NatiVita” размешчаны ў Бешанковічах. У склад лота ўключаны некалькі аб’ектаў, у тым ліку нерухомасць і аўтамабілі. Самы буйны – будынак плошчай 3013 квадратных метраў. Таргі запланаваны на 16 лістапада.
Кампанія створана ў 2012 годзе літоўскімі, індыйскімі і славацкімі інвестарамі пры ўдзеле беларускага бізнесмена Аляксея Сычова. Уваходзіць у спіс актываў, якія іх замежныя ўласнікі не могуць прадаць без дазволу ўраду.
У Польшчы павялічваецца колькасць працаўладкаваных іншаземцаў
Польскія СМІ паведамляюць, што за апошнія тры гады Польшча прыцягнула амаль два мільёны новых працоўных з-за межаў Еўразвязу. Паводле звестак Еўрастата, у 2020 годзе Польшча выдала 600 тысяч працоўных віз. У выніку вайны Расеі супраць Украіны большасць працоўных прыехала ў Польшчу з Украіны і Беларусі, а таксама Турцыі, Узбекістана ды Індыі. У канцы снежня 2022 года доля іншаземцаў у агульнай колькасці працуючых у Польшчы складала 6,5%.
Дадзеныя ZUS (Фонда сацыяльнага страхавання) таксама сведчаць пра тое, што працадаўцы робяць акцэнт на прыцягненні людзей з геаграфічна блізкіх краін. Напрыклад, у чэрвені сацыяльныя ўзносы плацілі 122 тысячы грамадзян Беларусі. (polskieradio.pl)
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: novychas.online.