Рашэнне са спазненнем
Вярхоўная Рада Украіны прыняла ў першым чытанні законапраект аб унясенні змен у некаторыя законы адносна дзейнасці ва Украіне рэлігійных арганізацый. Доўгачаканы, выпакутаваны і такі, што дае надзею на тое, што нарэшце адбудзецца рэальны разрыў з Масквой у рэлігійным полі. Натуральна, усё круціцца вакол уплыву Маскоўскага патрыярхата на Украінскую праваслаўную царкву (не блытаць з Праваслаўнай царквой Украіны, на якую МП не можа ўплываць апрыёры).
Яшчэ ў самым пачатку поўнамаштабнай вайны, а менавіта ў траўні 2022 года, УПЦ (МП) ініцыявала скліканне Сабора і абвясціла самастойнасць і незалежнасць ад Масквы, што выклікала моцны энтузіязм у грамадстве. Але прайшоў нейкі час, і аказалася, што разрыву не адбылося. Больш за тое, рэлігіязнаўчая экспертыза паказала, што УПЦ застаецца часткай РПЦ. То бок не проста мае з ёй сувязь, а з’яўляецца яе часткай! Па Канстытуцыі Украіны царква аддзелена ад дзяржавы, і нават пытанні нацыянальнай бяспекі не могуць быць такімі фактарамі, што прымусяць абмежаваць рэлігійную свабоду грамадзян.
І ўсё ж эксперты звярнуліся да УПЦ МП з просьбай (не патрабаваннем!) дадаткова прадставіць якія-небудзь дакументы, каментары ці рэмаркі, якія б абверглі адносіны васала і сюзерэна. Але Дзяржаўная служба па пытаннях этнапалітыкі і свабоды сумлення ніякіх доказаў ад УПЦ не атрымала. У дзяржавы ёсць алгарытм дзеянняў для такіх выпадкаў: калі рэлігійная арганізацыя звязана з агрэсарам, але яна ўстараняе гэтую сувязь і дае доказы, то яна потым бесперашкодна можа дзейнічаць і далей. Інакш Дзяржслужба па этнапалітыцы звяртаецца ў суд.
Любіцелі «русского мира» ўжо зараз крычаць аб прыгнёце і патрабуюць абароны: маўляў, укранацысты з Вярхоўнай Рады замахнуліся на святое! Але ж гаворка ідзе не пра царкву, а пра інстытуцыю, якая прымае непасрэдны ўдзел у вайне на баку ворага, мае кіраўніцтва ў Маскве і заклікае да забойства ўкраінцаў. І лакальныя рашэнні парафій не ўзгадваць у малітве маскоўскага начальніка Гундзяева не з’яўляюцца фактам разрыву з МП. Дарэчы, святароў УПЦ МП не бяруць у вайсковыя капеланы. І нават выхад з-пад гундзяеўскага крыла адразу не дае такога права: святар павінен вызначыцца з прыналежнасцю да іншай рэлігійнай суполкі ва Украіне.
Ёсць надзея, што заканадаўцы не будуць доўга цягнуць з канчатковым прыняццем закону. Але што перашкаджала зрабіць гэта раней, каб выключыць уплыў ворага праз царкву? Занадта высокая вартасць у такога спазнення.
Ліза Ахроменка