За два гады вывучыў беларускую мову і даследаваў літаратуру



Да 150-годдзя прафесара літаратуры і крытыка, акадэміка, педагога Івана Замоціна (1873-1942).

Іван Замоцін адносіўся да тых вучоных Расеі, якія напачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя па запрашэнні Народнага камісарыята асветы БССР прыехаў працаваць у толькі што створаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і за два гады вывучыў беларускую мову.

Нарадзіўся Іван Замоцін 1 лістапада 1873 года ў вёсцы Крывуліна Бежацкага раёна Цвярской губерні ў сялянскай сям’і. Яго бацька рана памёр, і маці з малым хлопчыкам пераехала ў Пецярбург, дзе ўладкавалася служанкай у сям’ю настаўніцы. Гаспадыня паважала працавітую жанчыну, а яе здольнага сына дапамагла аформіць спачатку ў сіроцкую школу-прыют, а пазней на вучобу ў гімназію за казённы кошт. Вучыўся ён выдатна і закончыў Пскоўскую гімназію з залатым медалём. Вышэйшую адукацыю Замоцін атрымаў у Пецярбургскім гісторыка-філалагічным інстытуце і каля сямі гадоў працаваў выкладчыкам старажытных моў, рускай філалогіі, гісторыі і геаграфіі ў адной з гімназій Варшавы. Тут і пачалася яго педагагічная і навуковая дзейнасць. За гады жыцця ў Варшаве вучоны напісаў шмат навуковых прац, у тым ліку першы том манаграфіі “Рамантызм 20-х гадоў ХІХ стагоддзя ў рускай літаратуры”, якая стала яго магістарскай дысертацыяй. Іван Замоцін абараніў яе ў Казанскім універсітэце ў 1904 г. Яго далейшая праца ў Варшаўскім і Пецярбургскім універсітэтах садзейнічала паглыбленню даследавання абранай тэмы. Пра гэта сведчыць і другі том манаграфіі. У 1908 годзе Івану Замоціну было прысвоена вучонае званне прафесара за распрацоўку арыгінальнага курса лекцый і даследаванняў па гісторыі беларускай літаратуры. На прафесарскай пасадзе ў Варшаве ён працаваў каля шаснаццаці гадоў. Пасля акупацыі горада кайзераўскай Германіяй універсітэт эвакуіравалі ў Растоў-на-Доне і перайменавалі ў Данскі.

У 1922 годзе Іван Замоцін пераехаў у Беларусь. Ён працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, Інбелкульце, у Менскім педагагічным інстытуце (з 1931 года). У 1928 годзе Івану Замоціну было прысвоена званне акадэміка АН БССР, а ў 1929-м – званне члена-карэспандэнта АН СССР.

У беларускае літаратуразнаўства Іван Замоцін прыйшоў вядомым у навуковых колах гісторыкам рускай літаратуры, аўтарам буйных літаратуразнаўчых прац, маючы багаты вопыт навукова-педагагічнай працы. Яму, вучонаму-русісту, спатрэбілася ўсяго два гады, каб дасканала вывучыць беларускую мову і пераключыць свае навуковыя інтарэсы на фундаментальнае даследаванне літаратуры. Ужо з 1923 года ў друку пачалі з’яўляцца артыкулы Івана Замоціна, прысвечаныя гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры, а таксама методыцы выкладання літаратуры ў школе. Сярод прац Замоціна найбольш значнымі з’яўляюцца: манаграфія “Максім Багдановіч”, артыкулы «Паэма Якуба Коласа “Сымон-музыка” як аўтахарактарыстыка», “Літаратурная спадчына А.Б.Петрашкевіча”, “Чарговыя задачы вывучэння гісторыі беларускай літаратуры”, “Пуціны беларускай літаратуры”, а таксама публікацыі пра творы Янкі Купалы, Цішкі Гартнага, Кандрата Крапівы, Пятара Глебкі. У гэтых працах вучоны спрабаваў звязаць разнастайныя жывыя біяграфічныя факты і творчасць пісьменнікаў. Добры след пакінуў Іван Замоцін у галіне тэксталогіі, у навуковай падрыхтоўцы выданняў твораў беларускіх пісьменнікаў. Ён разам з Міхаілам Піятуховічам і Яўгенам Барычэўскім стаяў ля вытокаў беларускай тэксталогіі. Пад кіраўніцтвам Замоціна і пры яго непасрэдным удзеле ў 1927–1928 гадах былі падрыхтаваны і выдадзены творы Максіма Багдановіча ў двух тамах, а ў 1934-м – збор твораў Паўлюка Труса ў адным томе і творы Цёткі. Як і ў навукова-даследчых працах, тут таксама вельмі яскрава выявіліся лепшыя якасці і рысы Замоціна-вучонага, яго энцыклапедызм, эрудыцыя, высокая агульная культура.

Значнае месца ў навуковай спадчыне Івана Замоціна беларускага перыяду належыць методыцы выкладання літаратуры ў школе. Вучоны чытаў курс па гэтай дысцыпліне ў БДУ, актыўна выступаў з публічнымі лекцыямі перад настаўнікамі. Яго выступленні былі пакладзены ў аснову нарысаў, якія выйшлі асобным выданнем пад назвай “Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні”. Па сутнасці гэта быў першы падручнік для вышэйшых навучальных устаноў, па якому рыхтавалі настаўнікаў-славеснікаў. Да сваёй дзейнасці педагога і выкладчыка Замоцін ставіўся з той жа высокай патрабавальнасцю, што і да навуковых даследаванняў. На жаль, у 1938 годзе плённая праца вучонага абарвалася: ён быў беспадстаўна рэпрэсіраваны і высланы ў Комі АССР, дзе і памёр у турэмнай бальніцы. У 1956 годзе Івана Замоціна рэабілітавалі.

Беларускае Радыё Рацыя