Агляд прэсы: Апасля дылемы



Апошнія залатыя капальні Лукашэнкі. Вайна на Блізкім Усходзе: Ізраіль пашырае наступ. Эрдаган стаў на бок ХАМАС. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

ЕЗ увёў санкцыі супраць Беларусі з-за вайны ва Украіне. Тавары закрануты, сыравіна таксама, але не мэбля. Нягледзячы на паведамленні пра катаванні і нібыта прымусовую працу на вытворчасці, дыктатуры дазволены экспарт. Нямецкая газета Der Spiegel адзначае тры віды тавараў, якія Беларусь працягвае актыўна экспартаваць у ЕЗ і якія ў будучым могуць патрапіць пад санкцыі: мэблю, паперу і цэлюлозу.

«Камода «Kullen» і ложак «Brimnes» у Ikea даўно звязаныя змрочнай таямніцай: яны абодва родам з Беларусі , «апошняй дыктатуры» Еўропы. Як і шматлікія прадметы мэблі з групы. Кажуць, што толькі з 2018 па 2021 год Ikea патроіла свае пакупкі ў аўтарытарнай краіне са 130 мільёнаў еўра да прыкладна 300 мільёнаў. Кампанія Ikea адмаўляла абвінавачванні ў той час, запэўнівала, што не будзе мірыцца з прымусовай працай — і тым не менш паспешліва аднавіла абяцанне, якое неаднаразова давала да і пасля пачатку вайны ва Украіне, выйсці з Беларусі. З тых часоў мясцовая дрэваапрацоўчая і мэблевая прамысловасць страчвала важнага кліента, але экспарт мэблі ў Еўропу працягваўся. У адрозненне ад драўніны, нафты, сталі ці ўгнаенняў, мэбля з Беларусі па-ранейшаму не трапляе пад санкцыі Еўрасаюза. Цяпер яны сталі найважнейшым безсанкцыйным экспартам краіны ў Еўропу – так бы мовіць адной з апошніх залатых капальняў Лукашэнкі ў ЕЗ. У першым паўгоддзі 2023 года краіны ЕЗ імпартавалі з Беларусі мэблі на 97,2 млн еўра. Большая частка гэтага паступіла ў Польшчу і Германію , за імі ідуць Нідэрланды, Літва, Румынія , Эстонія, Латвія і Францыя. Цяпер пад санкцыі Еўрасаюза трапіла драўніна, але мэблю з Беларусі па-ранейшаму можна ўвозіць. Эколагі, праваабаронцы і ўкраінскія палітыкі падазраюць, што Беларусь цяпер служыць прамежкавай станцыяй для расейскіх тавараў, якія ў нязменным выглядзе прадаюцца ў Еўропу. Парламент у Кіеве ў траўні заклікаў Еўрапейскую раду і краіны-члены ЕС неадкладна пашырыць санкцыі на беларускую мэблю, цэлюлозу і паперу, якія па-ранейшаму паступаюць на рынкі ЕЗ», – піша нямецкае выданне.

У мінулыя выходныя ізраільскае войска ўзмацніла свае наземныя аперацыі ў сектары Газа. У аўторак прэс-сакратар войска Ізраілю Даніэль Хагары распавёў аб разлютаваных сутыкненнях з баевікамі радыкальнай ісламісцкай групоўкі ХАМАС на поўначы сектара Газа. Па словах Хагары, усё гэта запатрабуе ад краіны вытрымкі і здольнасці выстаяць. Сама меней 50 чалавек загінулі ў выніку ўдару па лагеры бежанцаў Джабалія ў тым жа рэгіёне. Рыжская газета Latvijas Avīze дзеліцца наступным назіраннем.

«Мы не ведаем, ці можам мы давяраць, што грамадзяне нашых заходніх дзяржаў хацелі б правядзення той жа палітыкі, што і ўрады заходніх краін. Напрыклад, мы як заходні ўрад займаем праізраільскую пазіцыю, таму што бачым, што Ізраіль падвергся нападу, а не наадварот, але пры гэтым нашы грамадзяне, якія выйшлі на вуліцу, выступаюць супраць. Гэта ўяўляе сабой велізарную праблему ў Францыі, у Нямеччыне і ЗША, дзе маюцца вельмі вялікія мусульманскія супольнасці і наймацнейшы ўплыў ісламскіх краін на структуры бізнэсу», – адзначае латвійскае выданне.

Прэзідэнт Турцыі Эрдаган назваў радыкальную ісламісцкую тэрарыстычную групоўку ХАМАС «вызваленчым рухам», а Ізраіль ён затаўраваў «ваенным злачынцам». Раней Эрдаган спрабаваў гуляць ролю пасярэдніка ў канфлікце паміж Ізраілем і ХАМАС. Падобны «піруэт» не здзівіў аглядальнікаў, аднак прэса разышлася ў меркаваннях пра тое, як у дадзеным выпадку варта рэагаваць партнёрам Турцыі па НАТА. «НАТА павінна зрабіць адпаведныя высновы з паводзін Эрдагана», – піша нямецкае выданне Zeit.

«Нам неабходна пазбавіцца ад ідэі, што, маўляў, Турцыя сама лічыць сябе часткай альянсу і што як сябра НАТА яна безумоўна падтрымлівае абарончы альянс з усімі ягонымі каштоўнасцямі – нават у эпоху крызісаў, падобных цяперашнім. Турцыя і яе прэзідэнт разглядаюць НАТА і Захад выключна са стратэгічных пазіцый. Дэкларуемая мэта знешняй палітыкі Анкары – магчымасць падтрымліваць незалежныя адносіны з самымі рознымі партнёрамі – нязменна ў адпаведнасці з уласнымі інтарэсамі. Нават з ХАМАС. І НАТА больш не можа з гэтым мірыцца», – падкрэслівае нямецкае выданне.

У дзень свайго 18-годдзя спадчынная прынцэса Гішпаніі Леанор прынесла ў парламенце краіны прысягу на вернасць канстытуцыі. Упершыню гэтая цырымонія праходзіла на ўсіх мовах Гішпаніі. Тым не менш, дэпутаты ад партый, якія выступаюць за незалежнасць таго ці іншага рэгіёна, роўна як і прадстаўнікі левай партыі Сумар вырашылі на цырымоніі не прысутнічаць – у знак пратэсту. «Спадчынная прынцэса не падыходзіць на ролю ворага для сепаратыстаў», – адзначае гішпанская газета El País.

«Той факт, што Леанор можа выступаць з доўгімі прамовамі на выдатнай каталанскай, вельмі значны. Будучая каралева, якая ў стане гутарыць з грамадзянскай супольнасцю Каталоніі на яе мове, ужо не падыходзіць на ролю ворага! І калі знакі дзяржавы перастаюць успрымацца ў якасці супернікаў або злачынцаў, тое гэта самае горшае, што можа адбыцца з пункта гледжання руху за незалежнасць: яно ўжо не можа правакаваць страхі перад Гішпаніяй. Леанор прыносіць прысягу ў шматмоўным Кангрэсе дэпутатаў, і гэта напоўнена сімволікай. Нават калі пры гэтым адсутнічалі нацыяналісты і дэпутаты ад партыяў, якія выступаюць за незалежнасць», – піша мясцовая вядучая газета.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя