Беларусы Варшавы адзначылі Дзяды
Святкаванне ўключала шэсце і мітынг з удзелам палітычна-грамадскіх дзеячаў, сярод якіх былі і прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка і Аліна Коўшык. Таксама на імпрэзе выступіў ксёндз Вячаслаў Барок.
„Падзея атрымалася шырокай”, – кажа суарганізатар падзеі, кіраўнік фундацыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Яўген Дудкін:
– Мне вельмі спадабалася, было шмат людзей, былі ручнікі з фотаздымкамі загінулых палітвязняў, „каліноўцаў”. Былі музыкі, якія гралі народную музыку, былі прамовы, была малітва. Мы захавалі традыцыю, захавалі памяць пра тых людзей. Былі названыя імёны тых, хто загінуў.
Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык далучылася да святкавання Дзядоў у Варшаве. Дзяячка зазначыла важнасць аб’яднання беларускага народу:
– Я адчуваю вялікую ўдзячнасць да кожнай асобы, якая прыйшла і разам з намі стварыла гэты марш памяці беларусаў. Калі мы збіраемся разам, то мы адчуваем разам сілу. Наша перамога складаецца з сумы ўчынкаў кожнага з нас. Таму падчас кожнага такога мерапрыемства важна казаць, што беларусы не скарыліся, што беларусы не страцілі духу вольнай барацьбы, што мы змагаемся.
Таксама Аліна Коўшык пакінула лампадку каля каменя забітым у Хатыні польскім афіцэрам. „Гэтае месца акурат побач з тым, дзе завяршыўся марш, прысвечаны Дзядам”.
Удзельнікі падзеі сустрэліся на плошчы Пілсудскага, затым прайшліся да помніку Адаму Міцкевічу, а завяршылася мерапрыемства ля плошчы Замкавай.
Беларускае Радыё Рацыя