Затрыманыя кіраўнікі адразу некалькіх малаказаводаў



Як стала вядома “Нашай Ніве”, 2 лістапада былі затрыманы кіраўнікі вядучых дзяржаўных малаказаводаў па ўсёй краіне. У прыватнасці, паведамляецца пра затрыманні на Лепельскім малочным камбінаце, а таксама ў структурах магілёўскай “Бабушкиной крынки” — фармальна прыватнага прадпрыемства, дзе абсалютная большасць акцый належыць дзяржаве.

Фота з адкрытых крыніц

Імаверна, гаворка ідзе пра абвінавачванні ў адкатах ад дылераў за пастаўкі таннай прадукцыі, як гэта было, напрыклад, у “цукровай справе”, па якой затрымлівалі дырэктараў цукровых заводаў.

Што датычыць малака, то Беларусь вырабляе ў разы больш малака, чым спажывае ўнутраны рынак. Асноўныя гульцы на рынку перапрацоўкі малака — дзяржаўныя заводы. Сваю прадукцыю яны прадаюць у асноўным на расейскі рынак. Справа рэалізацыі дзяржаўнай прадукцыі на знешнія рынкі амаль ва ўсіх сферах традыцыйна непразрыстая.

У лістападзе беларусаў чакаюць доўгія выходныя

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі расказала пра тое, якім будзе рабочы графік для большасці беларусаў у пачатку лістапада ў сувязі з пераносамі з-за дзяржаўнага свята.

Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі (7 лістапада), які ў Беларусі з’яўляецца афіцыйным святам і непрацоўным днём, выпадае сёлета на аўторак. У сувязі з гэтым беларусаў чакаюць доўгія выходныя з 4 па 7 лістапада ўключна. У той самы час працоўны дзень з панядзелка 6 лістапада пераносіцца на суботу 11 лістапада. У цэлым у адпаведнасці з вытворчым календаром у Беларусі ў лістападзе пры шасцідзённым працоўным тыдні будзе 25 працоўных дзён, пры пяцідзённым – 21 працоўны дзень. (myfin.by)

На беларускіх аўтазапраўках з’явіўся новы від паліва

З 1 лістапада на аўтазапраўках Беларусі даступнае зімовае дызельнае паліва ДТ-З-К5 класа 0 з гранічнай тэмпературай фільтраванасці не вышэйшай за -20°C і тэмпературай памутнення не вышэйшай за -10°C, паведамляе партал neft.by. Паліва гэтага класа сталі вырабляць летась. Яно адрозніваецца ультранізкім утрыманнем серы і адпавядае экалагічным нормам “Еўра-5”.

Пазней на АЗС з’явіцца і ДТ-3-К5 класа 2 з гранічнай тэмпературай фільтраванасці -32 °С. Напрыклад, у Гарадзенскай вобласці яно будзе даступнае на 25 станцыях. Разабрацца, які з “дызеляў” прадстаўлены на канкрэтнай запраўцы, можна з дапамогай інфармацыі, размешчанай на палівараздатачным абсталяванні.

У Carlsberg заявілі, што “Расея скрала іх бізнес”

Дацкая піваварная група з мінулага года спрабуе прадаць сваю даччыную кампанію “Балтыка” ў Расеі. Аднак пасля таго, як у чэрвені кампанія абвясціла, што знайшла пакупніка на свой бізнес, прэзідэнт Уладзімір Пуцін распарадзіўся перадаць долю Carlsberg у расейскай даччынай кампаніі пад кіраванне дзяржавы. “Яны скралі наш бізнес у Расеі”, – заявіў генеральны дырэктар Carlsberg Джэйкаб Ааруп-Андэрсан. Цяпер маёмасцю Carlsberg часова распараджаецца “Росимущество”.

Расейская “Балтыка” зможа выкарыстоўваць існуючую сыравіну і матэрыялы Carlsberg толькі да 1 красавіка 2024 года. Што будзе далей – невядома. У Carlsberg у Расеі было восем піваварных заводаў і каля 8400 супрацоўнікаў. Страты кампаніі ў Расеі летась склалі $1,41 млрд. (Office Life)

Беларускае Радыё Рацыя