Чэмпіёнская хада БАТЭ



5 тур чэмпіянату Беларусі па футболе пацвердзіў стаўкі асноўных фаварытаў. Барысаўскі БАТЭ ў Бабруйску не без праблемаў, але адолеў мясцовую “Белшыну” – 1:0. Адзіны гол у сустрэчы на рахунку Аляксандра Карніцкага – 32-я хвіліна. БАТЭ пры тым усталяваў новы рэкорд чэмпіянатаў Беларусі – 36 матчаў запар без паразаў. Ранейшае дасягненне належала віцебскай „Дзвіне” і трымалася ажно 20 гадоў.

Салігорскі “Шахцёр” паказаў сапраўднае месца гарадзенскаму “Нёману” – 3:0. Мячы забілі Неманья Човіч (1-я хвіліна), Сяргей Матвейчык (29-я) і Дзмітрый Камароўскі (72-я). Нягегласць гарадзенцаў падкрэсліў нерэалізаваны імі пенальці – стрэл Артура Бомбеля парыраваў брамнік Уладзімір Бушма – вядомы майстар адбіваць 11-мятровыя.

Дакладны ўдар ужо на другой хвіліне Валерыя Жукоўскага прынёс перамогу ягонаму клубу наваполацкаму  “Нафтану” над берасцейскім “Дынамам” – 1:0.

Нарэше паказала сваю сапраўдную моц жодзінскае “Тарпеда”. Клуб трэнера Ігара Крывушэнкі ўпэўнена з буйным лікам на сваім полі адолеў “Гомель” – 3:0. Голавым дублем вызначыўся ведамы бамбардзір Дзмітрый Платонаў. Паміж яго галамі пенальці рэалізаваў іншы галеадор – Вячаслаў Глеб.

Найбольшую інтрыгу мела сустрэча ў Лунінцы паміж “Гранітам” і мазырскай “Славіяй” – 3:2. Лік адкрылі гаспадары – гэта зрабіў Андрэя Шаракоў (7-я хвіліна). Аднак пасля ініцыятыву перахапілі госці – Дзяніс Лапцеў (15-я) і Алег Страхановіч (31-я) яшчэ ў першым тайме вывелі мазырцаў наперад. Зазначым, што Страхановіч забіў 100-ы мяч у залік беларускага Клубу бамбардзіраў. Пасля антракту забівалі толькі мікашэвіцкія футбалісты – Дзмітрый Ігнаценка на 72-й хвіліне і Дзмітрый Хлебасолаў на 84-й прынеслі вікторыю “Граніту”.

Становішча лідараў пасля 5 туру такое: 1. БАТЭ – 15 ачкоў,  “Шахцёр” і “Граніт” – па 11, “Дынама” (Берасьце) і “Нафтан” – па 9. Гарадзенскі “Нёман” з 2 пунктамі займае перадапошняе 13-е месца.

Беларускае Радыё Рацыя