Спрадвечнае зло



Даўно вядома, што жыццё – рэжысёр з неабмежаванай фантазіяй. І ўсё ж цяжка паверыць, як так магло здарыцца,што народ, які 70 гадоў таму назад коштам неверагодных ахвяраў разграміў фашызм, будзе паслядоўна,крок за крокам, будаваць фашысцкі лад ва ўласнай краіне. Сама ж пуцінская Расея, вядома ж, абвінавачвае ў фашызме каго заўгодна, толькі не сябе.

Увогуле, акрэсленне „фашызм” стала пустым цэтлікам, які можна наляпіць на каго заўгодна. Дэфініцыя адарвалася ад сутнасці. Варта нагадаць, што радзіма фашызму – Італія, Нямеччына ж спарадзіла нацызм.

Але ўсё гэта не мае вялікага значэння. Зло – гэта пякельна – сатанінская субстанцыя, якая існавала заўсёды, мяняючы толькі знешнія формы, а не сутнасць. Пакуты першых хрысціян, якіх жыўцом паліў Нерон, нічым не адрозніваліся ад пакутаў ерэтыкоў на кастрах хрысціянскай інквізіцыі. Пралетарскія камісары, што скідалі з цэркваў званы і крыжы – той самы псіхатып, што й сучасныя праваслаўныя казакі і „харугвеносцы”, што з нагайкамі цэнзуруюць выставы і спектаклі. І, калі ў сярэднявеччы іншадумцаў выстаўлялі ля ганебнага слупа, то ў сенняшняй Маскве развешваюць гіганцкія банэры з партрэтамі апазіцыянераў і надпісам „мерзавцы!”

Зло цягне свае мярзотныя шчупальцы праз гады і эпохі.Здавалася б, пасля таго, што ўчыніў з падуладным народам Сталін, краіна застрахавана ад паўтарэння такіх жахаў. У рэчаіснасці ўсё адбываецца наадварот. Думалася – варта прачытаць хаця б кнігі Святланы Алексіевіч, каб раз і назаўсёды зразумець, што такое вайна. Нічога падобнага… Сёння на патэтычнае пытанне з верша Яўтушэнкі „Ці хочуць рускія вайны?” адказ адназначны – хочуць, ды яшчэ як!

Ці не штодня ў інтэрнэце з’яўляюцца новыя паведамленні аб навейшай расейскай зброі, перад якой дрыжыць палахлівы Захад.”Амерыканскія танкі – смецце ў параўнанні з нашай „Арматай” – захліпаюцца прапагандысты. І гэта ўжо ў свой час было – у сумнаславутым перадваенным фільме „Калі заўтра вайна?”. Якой стала рэальная вайна, вядома. Чаго варты цяперашнія расейскія вайсковыя монстры, бачна й без вайны – на прыкладзе таго ж танка „Армата”, што ганебна заглох на рэпетыцыі параду. Але мілітарыстычная брага ўжо ўдарыла ў галовы расейскага грамадства. І цяжка сказаць, калі і якім коштам наступіць ацверазенне.

Цяжка разважаць на такія тэмы цяпер, калі ўсё квітнее, кіпіць жыццё ў прыродзе. Не хочацца думаць, што ўсё гэта можа абарвацца ў момант з волі ачмурэлага ад беспакаранасці маньяка…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ