Агляд прэсы: Небяспечная сумесь
Літва ўзмацняе кантроль тавараў, якія ўвозяцца ў Расею і Беларусь. Вайна на Блізкім Усходзе і рост антысемітызму. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
ытны дэпартамент Літвы з гэтага месяца ўзмацніў кантроль за ўвозам санкцыйных тавараў праз Літву ў Расею і Беларусь, каб пазбегнуць магчымага абыходу санкцый», – паведамляе ўкраінскае выданне Ukrainska Pravda.
«Узмацненне мер кантролю можа прывесці да падаўжэння працэдуры на мяжы, заявілі ў Мытным дэпартаменце Літвы. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена класіфікацыі тавараў, якія экспартуюцца. Былі выпадкі, калі экспартаваныя тавары, каб пазбегнуць санкцый, класіфікаваліся ў немаркіраваныя таварныя пазіцыі, адзначаюць у ведамстве. Мытны дэпартамент Літвы таксама прапануе як мага больш падрабязна апісваць заяўленыя тавары, каб з апісання можна было вызначыць іх характарыстыкі, якія ўплываюць на класіфікацыю тавару, і прадставіць пацвярджаючыя дакументы. На мінулым тыдні Служба інфармацыі бяспекі Чэхіі паведаміла аб спробах парушэння эмбарга на экспарт тавараў у Расею. Раней паведамлялася, што ў РФ працягваюць паступаць амаль усе санкцыйныя тавары на сотні мільярдаў даляраў», – нагадвае ўкраінскае выданне.
У той час як Ізраіль пашырае сваю наземную аперацыю ў сектары Газа, усё гучней раздаюцца заклікі да перамір’я. Акрамя Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім бежанцам і арганізацыі работ (БАПОР), заклік падтрымаў і прэзідэнт ЗША Байдэн, які заявіў падчас аднаго з мерапрыемстваў сваёй перадвыбарнай кампаніі, што перамір’е аблегчыць задачу выратавання заложнікаў. Еўрапейскія СМІ разважаюць аб перспектывах на будучыню, і задаюцца пытаннем аб тым, якім чынам можна было б дасягнуць міру ў рэгіёне ў доўгатэрміновай перспектыве. Дзяржаўнае расейскае выданне РИА Новости не выключае таго, што Ліга арабскіх дзяржаў адрэагуе энергетычным эмбарга.
«Арабскім лідарам давядзецца казаць ужо пра тое, як прымусіць ЗША і Захад прымусіць Ізраіль спыніцца. Што могуць зрабіць арабы? Паўтарыць свой ультыматум кастрычніка 1973-га – тады падчас араба-ізраільскай вайны Суднага дня арабскія краіны ўвялі эмбарга на пастаўкі нафты краінам Захаду на чале з ЗША. Вайна скончылася праз тыдзень, а кошты на нафту выраслі ў некалькі разоў. Нафтагазавы рынак і так знаходзіцца ў вельмі няпростым стане пасля ўвядзення санкцый супраць Расеі», – наракае расейскае выданне.
Падпал, учынены ў яўрэйскай частцы Цэнтральных могілак Вены, напад на сінагогу ў Берліне, антысеміцкі пагром у расійскім Дагестане – пасля тэрарыстычнага нападу ХАМАС на Ізраіль па ўсім свеце множацца выпадкі антысеміцкіх эксцэсаў. Прэса разважае пра тое, што з’яўляецца пажыўнай глебай гэтай з’явы ў Еўропе. «Падпал, зроблены ў яўрэйскай частцы Цэнтральных могілак Вены – гэта вынік уяўленняў, якія дагэтуль жывуць у галовах шматлікіх аўстрыйцаў», – рэзюмуе венская газета Der Standard.
„Гэты напад і многія іншыя інцыдэнты апошняга часу сведчаць пра тое, што сёння антысемітызм існуе ў галовах вельмі многіх людзей. Гэты ўчынак адназначна прадыктаваны нянавісцю да яўрэяў, прычым нянавісць гэтая вельмі заразная. Даследаванне, праведзенае ў 2022 годзе па замове аўстрыйскага парламента, прадэманстравала наступнае: звыш 30 адсоткаў грамадзян лічаць, што яўрэі набылі «занадта вялікі ўплыў у дзелавым свеце», ці што яны «атрымліваюць выгаду ад Халакоста”, – піша аўстрыйскае выданне.
У Швецыі прафсаюз работнікаў металургічнай прамысловасці IF Metall з мінулага тыдня праводзіць забастоўку ў цэхах амерыканскага вытворцы аўтамабіляў Tesla – з-за нежадання гэтай кампаніі выконваць прынятае ў краіне тарыфнае пагадненне. «Нам нязвыкла знаходзіцца ў сітуацыі, калі мы вымушаныя выкарыстоўваць зброю пад назвай забастоўка», – заявіў сакратар па пытаннях тарыфаў прафсаюза IF Metall Вялі-Пека Сайкяля. Шведская прэса ўстала на бок прафсаюзаў. На думку шведскай газеты Upsala Nya Tidning, барацьба за правы працоўных, якая разгарнулася ў Швецыі, можа стварыць прэцэдэнт для ўсёй Еўропы.
„Tesla, Amazon і Google з цікавасцю сочаць за развіццём падзеяў. Еўракамісія і Кангрэс ЗША павінны рабіць тое самае. Гаворка ідзе аб групе кампаній, якая магутней многіх краін, і якую яшчэ не ўдалося ўтаймаваць ні лічбавізацыяй, ні канкурэнцыяй, ні падатковым заканадаўствам. Ілон Маск, Джэф Безос і лёгка кантраляваныя палітыкі з перадвыбарнымі праграмамі ў руках. Шведская мадэль – гэта толькі малюсенькая пясчынка ў гэтай машынерыі глабальнага маштабу. Але на дадзены момант пікеты страйкоўцаў у Фірыслундзе замінаюць гэтай машынерыі ані не менш, чым Вашынгтон ці Брусэль”, – піша шведскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя