„Ягелонія” зноў лідар польскай экстра-класы
Беластоцкая „Ягелонія” зноў выйшла ў лідары польскай футбольнай экстракласы. На сваім полі каманда Адрыяна Семенца ўпэўнена перамагла „Сталь” з горада Мелец – 4:0.
Ужо ў першай палове сустрэчы беластоцкія гульцы развязалі асноўныя праблемы. На 19-й хвііне нарвежскі легіянер Крыстофер Хансен ювелірна даслаў мяч у сетку супернікаў. Праз чатыры хвіліны Барталамей Вдовік рэлізаваў пенальці.
У другой палове „Яга” давяла справу да разгрому. Трэці мяч забіў Хесус Імаз, які паспяхова вярнуўся ў шыхт каманды. А на 84-й хвіліне Вдовік узорна выканаў штрафны ўдар. Тым самым ён выбіўся ў лепшыя бамбардзіры клуба ў гэтым чэмпіянаце – ужо 8 галоў.
Беларускі форвард Ілья Шкурын, які выступае за „Сталь”, на гэты раз выніковымі дзеяннямі не вызначыўся.
Такім чынам „Ягелонія” набрала 29 ачкоў і зноў выбілася ў лідары турніру. У вроцлаўскага „Шлёнска” – 27 пунктаў, у пазнаньскага „Леха” – 25, але яны згулялі на матч менш.
Беларускае Радыё Рацыя