Арына Сабаленка прабілася ў паўфінал выніковага турніру WTA



Арына Сабаленка прабілася ў паўфінальную стадыю выніковага турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA), які праходзіць у мексіканскім Канкуне. У сваім трэцім паядынку групы Бакалар першая ракетка планеты адолела прадстаўніцу Казахстана Алену Рыбакіну, якая займае 4-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 6:2, 3:6, 6:3. Гэтая сустрэча пачалася яшчэ 2 лістапада, але была спынена з-за непагадзі ў другім сэце пры ліку 5:3 на карысць Рыбакінай. У першым туры Арына Сабаленка абыграла грэчаскую тэнісістку Марыю Сакары – 6:0, 6:1, а затым прайграла амерыканцы Джэсіцы Пегуле – 4:6, 3:6. Пегула выйграла ўсе тры паядынкі і заняла першае месца.
У групе Чэтумаль польская тэнісістка Іга Свёнтэк таксама святкавала тры вікторыі і ў паўфінале згуляе з Арынай Сабаленкай. Другі паўфінальны матч стане амерыканскім: Джэсіка Пегула сустрэнецца з Коры Гаўф.

Хакеісты „Нёмана” і „Ліды” перамаглі ў матчах беларускай экстралігі

Двума матчамі ў Гародні і Магілёве працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. У Гародні сышліся фіналісты папярэдняга розыгрышу – „Нёман” і „Металург”. У першым перыядзе наперад гаспадароў лёду вывеў Максім Цыбін, а ў заключным гульнявым адрэзку за „Нёман” закідвалі Арцём Ляўша і Даніла Барабаш – 3:0.

Паралельна на ўсходзе краіны аўтсайдары сезона „Магілёў” і „Ліда” выдалі галявую перастрэлку. Перамогу „Лідзе” з лікам 5:4 прынёс Станіслаў Герасімаў. Пасля 22 тураў рэгулярнага сезона ў чэмпіянаце краіны лідыруе салігорскі „Шахцёр”, у якога 38 ачкоў. Столькі ж набраў і „Віцебск”, які мае гульню ў запасе. Трэцім з 31 балам ідзе „Гомель”, на тры пункты ад „рысей” адстае сталічнае „Юнацтва”. Шасцёрку лепшых каманд закрываюць „Нёман” і „Хімік”.

Беларускія гандбалісты другі раз перамаглі расейцаў у хатнім спарынгу

Беларускія гандбалісты другі раз абыгралі каманду Расеі ў таварыскім паядынку. У Гомелі беларусы выдатна правялі першую палову сустрэчы і пайшлі на перапынак з перавагай у шэсць мячоў – 13:7. Свой першы мяч у брамку выдатнага беларускага галкіпера Ігара Чэрнікава госці змаглі закінуць толькі на 13-й хвіліне сустрэчы пры ліку 0:4. Адразу пасля перапынку расейцы зайгралі значна мацней і неўзабаве здолелі дагнаць супернікаў – 17:17. Аднак дамагчыся канчатковага пералому ў гульні гасцям не ўдалося, у выніку беларускія гандбалісты перамаглі – 27:26.
Першы спарынг таксама завяршыўся вікторыяй каманды Юрыя Шаўцова – 32:28. У нядзелю зборныя Беларусі і Расіі завершаць серыю сустрэчай на пляцоўцы мінскага Палаца спорту „Уручча”. Уваход на трыбуны вольны.

Макс Ферстапен выйграў кваліфікацыю Гран-пры Сан-Паўлу ў Бразіліі

Другі вынік паказаў пілот „Ферары” Шарль Леклер. Ад пераможцы ён адстаў на 0,294. Трэці час у Лэнса Строла на „Астан Марціне”. Заезд быў спынены за пяць хвілін да заканчэння трэцяга сегмента з-за шторму. Гонка Гран-пры Сан-Паўлу адбудзецца ў нядзелю. Яе пачатак у 20.00. Сёння пройдзе спрынт дзень.

Беларускае Радыё Рацыя