Батумі: Чарнуха і Плотка прадставілі свае кнігі



У батумскай прасторы для незалежных журналістаў «МедыяХаб» адбылася сустрэча з беларускімі творцамі Алесем Плоткам і Аляксандрам Чарнухам.

Плотка распавёў пра кнігу — фотаальбом з вершамі, створаны ім у суаўтарстве з фатографамі Алесем Пілецкім і Станіславам Крупажам. У фокусе аўтараў — «крывавыя землі», Беларусь і Украіна, і іх пакутліва розны шлях дэкаланізацыі.

Аляксандр Чарнуха прадставіў беларускі варыянт кнігі «Свінні» і падзяліўся ўражаннямі з сустрэчы:

— Прэзентацыя прайшла вельмі крута, вельмі шмат людзей было. Вельмі прыемна, што столькіх беларусаў у замежжы цікавіць сучасная беларуская літаратура, бо гэта не самы папулярны жанр увогуле. Вельмі класна, калі прыходзяць людзі, калі яны задаюць пытанні, пытанняў было шмат, была цікавая размова. Усё адбылося на вельмі класным роўні, дзякую „МедыяХабу“ за прастору, дзякую беларускай дыяспары, што дапамагла нам.

Па словах Аляксандра батумскіх беларусаў цікавілі шмат аспектаў па стварэнні кнігі:

— Людзей хвалюе шмат пытанняў, па-першае, яны звязаныя з працэсам напісання кнігі, бо я тады працаваў журналістам, гэта быў новы досвед для мяне, гэта была мая першая кніга, па-другое, вельмі цікавіць лёс і кантэкст асобаў, пра якіх я пісаў гэтую кнігу, ці адпавядае гэта беларускай рэчаіснасці, ці гэта мае фантазіі.

Пасля Батумі творцы працягнуць свае выступы па грузінскіх гарадах. 4 лістапада ў іх запланаваны выступ у сталіцы Грузіі — Тбілісі ў беларускай прасторы «5327».

Беларускае Радыё Рацыя