Невялікі літоўскі горад, які налічвае каля 100 скульптур
Цэнтральны гарадскі парк літоўскага гарадка Бірштанас – гэта сапраўдны лес у горадзе. У ім шмат пешаходных і спартыўных дарожак, пляцовак для скейтбордынгу, трэнажораў, скульптур і характэрных дрэў. Гэты парк – выдатнае месца для адпачынку.
Але найбольш ён запамінаецца турыстам сваімі сцежкамі са скульптурамі, верагодна, самымі ціхімі ў парку. Парк упрыгожаны васьмю скульптурамі сучасных літоўскіх мастакоў, фаварыт Бірштанаса – „Дзяўчынка”, створаная Марцінасам Гаўбай, чый ярка-жоўты аўтапартрэт (афіцыйна – скульптура „Кантэйнер”) бачны здалёк, калі шпацыруеш па набярэжнай Нёмана.
Дарэчы, у Бірштанасе налічваецца каля ста скульптур. Яны не толькі прызначаны для ўпрыгожвання горада, але і служаць эстэтычнай тэрапіяй, то бок лякуюць прыгажосцю, бо гэта курортны горад з вялікай колькасцю санаторыяй і спа-гатэляў.
Навукоўцы ўжо пацвердзілі, што захапленне прыродай і творамі мастацтва (у Бірштанасе гэта магчыма адначасова) дапамагае здароўю. Так што шпацыруйце па горадзе, сядайце на лаўкі, думайце, фантазіруйце, прыглядайцеся, якая скульптура вам бліжэй за ўсё, і не забывайцеся акунацца ў свет прыроды, назіраючы за дрэвамі вакол сябе і небам ды зорамі ўвечары.
Некаторыя сцвярджаюць, што скульптуры нагадваюць дзіцячыя казкі, іншыя захапляюцца сучаснасцю твораў і нават бачаць у іх нейкую іронію.
У невялікім Бірштанасе шмат не толькі скульптур, але і помнікаў вядомым літоўцам. А самы велічны і магутны, вагой 30 тон, стаіць на гары – помнік Вітаўту Вялікаму. Яго стварылі са светла-ружовага граніту скульптар Якубоніс і архітэктар Чаканаўскас. Скульптар ажыццявіў ідэю многіх жыхароў Бірштанаса – „вярнуць” Вітаўта на кані ў месцы яго палявання. Ён адлюстраваў Вітаўта як ваяра, нібы зрослым з канём, які рвецца ў паходы.
Але гэты помнік вы зможаце ўбачыць, калі ўжо самі наведаеце гэты маленькі, прыгожы, курортны і ўтульны літоўскі гарадок Бірштанас.
Беларускае Радыё Рацыя