У Польшчы «згубілі» дзясяткі тысяч айцішнікаў, большасць з якіх – беларусы
З 2020 году Польшча выдала амаль 94 тысячы віз па IT-праграме Poland Business Harbour (PBH), большасць з іх – беларусам. Аднак за тры гады ў краіну па такой візе прыехалі 13,5 тысячы чалавек – гэта значыць толькі 14% яе ўладальнікаў, піша партал «Зеркало» са спасылкай на польскую Rzeczpospolitu.
Праграма Poland Business Harbour першапачаткова была створаная ў 2020 годзе для грамадзян Беларусі – айцішнікаў і іх сем’яў, якім яна давала шэраг ільгот. Праз год дзеянне праграмы было пашырана на грамадзян Украіны, Грузіі, Малдовы, Арменіі, Расеі ды іншых краін – усяго іх 44. Аднак пераважная большасць уладальнікаў IT-віз – усё роўна беларусы: паводле ацэнкі польскіх палітыкаў, такіх каля 65 тысяч чалавек.
Прадстаўнік Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю Марцін Грачык паведаміў, што ведамства, якім ён кіруе, з пачатку дзеяння праграмы перадало ў МЗС і службу ўнутранай бяспекі Польшчы звесткі аб 83 тысячах чалавек, якія выказалі жаданне пераехаць у краіну. Але ён падкрэсліў, што за працэдуру выдачы віз адказваюць консульскія службы Польшчы – такім чынам, яны і павінны ведаць, колькі іншаземцаў уехалі па IT-візе.
Што здарылася з больш чым 80 тысячамі чалавек, якія атрымалі візу PBH і зніклі па дарозе ў Польшчу, – арганізатары праграмы не ведаюць.
Rzeczpospolitа нагадвае, што пасля 2020 году IT-кампаніі з Беларусі актыўна пераводзілі бізнес у Польшчу. Аднак ёсць версія, што гэта магло адбывацца толькі «на паперы» дзеля атрымання падатковых ільгот, а насамрэч супрацоўнікі фізічна знаходзяцца ў Беларусі і працуюць дыстанцыйна.
У сярэдзіне кастрычніка дэпутаты польскага Сэйму ад «Грамадзянскай кааліцыі» Ян Грабец і Ганна Гіл-Пентэк выказалі занепакоенасць тым фактам, што Польшча выдала беларусам дзясяткі тысяч віз па праграме PBH, але ўлады не могуць даказаць, што ўсе яны сапраўды працуюць у краіне.
Паводле Яна Грабца, ён і яго паплечнікі не здолелі высветліць у офісе прэм’ер-міністра, ці сапраўды ўсе ўладальнікі IT-візы працуюць у Польшчы і чым яны займаюцца – магчыма, «выконваюць урадавыя замовы, звязаныя з крытычна важнай для дзяржавы інфармацыяй».
«А мы ўсе ведаем, якую важную дапамогу Беларусь аказвае Расеі ў вайне з Украінай», – дадаў Грабец. Паводле яго слоў, з прычыны такой палітыкі ўладаў Польшча знаходзіцца «пад вельмі сур’ёзнай пагрозай».
Беларускае Радыё Рацыя