Абвешчаны кароткі спіс прэміі „Дэбют”
Журы зацвердзіла кароткі спіс намінантаў на літаратурную прэмію “Дэбют” імя Максіма Багдановіча.
У конкурсе ўдзельнічаюць дэбютныя мастацкія кнігі, напісаныя ці перакладзеныя на беларускую мову і выдадзеныя ўпершыню ў папяровым або электронным выглядзе ў 2021 і 2022 гадах. На прэмію за найлепшую дэбютную кнігу прозы прэтэндуюць:
Канстанцін Касяк. Самаізаляцыя. – Электронная кніга, 2022.
Таццяна Карытка. Чаму ўсё так? – Выдавецтва „Кнігазбор”, 2020.
Антось Уласенка. Новая зямля: Куканія. – „Издательские решения”, 2021.
Прэмію „Дэбют” у галіне паэзіі за 2021-2022 гады вырашана не ўручаць. У склад журы прэміі ўвайшлі пяцёра сябраў: літаратуразнаўца Ульяна Верына; пісьменніца Святлана Курс; паэт і перакладчык Уладзімір Лянкевіч; паэт, перакладчык, выкладчык літаратуры Андрэй Хадановіч; паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева.
Літаратурная прэмія „Дэбют” імя Максіма Багдановіча была заснавана ў 2010 годзе пры падтрымцы Беларускага ПЭН-цэнтра, Саюза беларускіх пісьменнікаў і дабрачыннага Фонду „Вяртанне”. Яна ўручаецца ў намінацыях „Паэзія”, „Проза”, „Мастацкі пераклад” за найлепшыя дэбютныя кнігі, выдадзеныя па-беларуску.