Польскі жаўнер параніў мігранта на мяжы з Беларуссю
Ваенная паліцыя Польшчы расследуе абставіны ранення мігранта польскім жаўнерам паблізу мяжы з Беларуссю ў Падляшскім ваяводстве. Пацярпелага мужчыну даставілі ў шпіталь у Гайнаўцы. Першыя дадзеныя сведчаць аб тым, што стрэл прагучаў тады, калі жаўнер спатыкнуўся, піша PAP.
Інфармацыя, перададзеная ў сацсетках гуманітарнымі актывістамі ў раёне мяжы з Беларуссю ў Падляшскім ваяводстве, пацвярджаецца пракуратурай, піша агенцтва.
„На дадзены момант мерапрыемствы па гэтай справе праводзяцца ваеннай паліцыяй у адпаведнасці з артыкулам 308 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса”, – паведаміў намеснік ваеннага пракурора акруговай пракуратуры Беластока-Поўнач Радаслаў Вішэнка.
Размова ідзе аб палажэннях, якія даюць магчымасць праводзіць неабходныя дзеянні (напрыклад, па замацаванню слядоў і іншых доказаў) яшчэ да афіцыйнага пачатку следства або дазнання.
„З той інфармацыі, якую мне падалі, вынікае, што гэта адбылося ў выніку няшчаснага выпадку, промаху салдата”, – сказаў ён.
Чакаецца, што дакументы і доказы, атрыманыя вайсковай паліцыяй, паступяць у пракуратуру ў панядзелак. У ваенным раздзеле Крымінальнага кодэкса ёсць артыкул аб злачынствах супраць правілаў абыходжання са зброяй і артыкул, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за неасцярожнае абыходжанне са зброяй і ненаўмыснае прычыненне цялесных пашкоджанняў іншай асобе. У залежнасці ад наступстваў вайскоўцу пагражае да трох, а ў выпадку цяжкага ранення або смерці пацярпелага – да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Беларускае Радыё Рацыя