„Нёман” да мінімуму скараціў адрыў ад „Дынама” ў чэмпіянаце Беларусі



Гарадзенскі „Нёман” абыграў „Славію” і да мінімуму скараціў адрыў ад менскага „Дынама” у турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. Гуляючы ў Мазыры, каманда Ігара Кавалевіча забіла два мячы ў другім тайме. На 61-й хвіліне лік адкрыў Ягор Зубовіч, а незадоўга да заканчэння сустрэчы Юрый Панця ўсталяваў канчатковы лік – 2:0 на карысць „Нёмана”. Пасля гэтай перамогі гарадзенскі клуб набраў 56 ачкоў. У лідара турніру менскага „Дынама” на адзін бал больш. Сёння лідары згуляюць у „дынамаўскім” дэрбі ў Берасці.

„Сталіца” разграміла БЧ у чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе

Спартоўцы „Сталіцы” святкавалі шостую перамогу ў гульнях 35-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У гасцявым паядынку 8-га тура дзеючыя чэмпіёны краіны ўпэўнена перайгралі ў гасцях гомельскі БЧ – 5:2. Па голавому дублю ў складзе пераможцаў аформілі Арцём Якубаў і Ільнур Ісламаў, яшчэ адзін мяч забіў Іван Ноўскі.

Гандбалісты Беларусі трэці раз перамаглі расейцаў

Гандбалісты зборнай Беларусі перамаглі расейцаў у трэцім таварыскім матчы. На пляцоўцы менскага спарткомплексу „Уручча” падначаленыя Юрыя Шаўцова абыгралі каманду Расеі з лікам 25:23. Лепшым у складзе беларусаў стаў Мікіта Вайлупаў, які 9 разоў закінуў супернікам. Гэта трэцяя вікторыя беларускай дружыны ў серыі хатніх спарынгаў: 1 лістапада ў Магілёве яна выйграла з лікам 32:28, а 3 лістапада ў Гомелі – з лікам 27:26.

Сустрэча Сабаленкі і Свёнтэк завяршылася перамогай полькі

Непагадзь зноў унесла свае карэктывы ў расклад выніковага турніру WTA у мексіканскім Канкуне. Першая ракетка планеты Арына Сабаленка і другі нумар сусветнага рэйтынгу полька Іга Свёнтэк правялі на корце менш за 20 хвілін і былі вымушаны перапыніць гульню з-за моцнага дажджу і ветру. Паўфінальная сустрэча, у якой польская тэнісістка вяла з лікам 2:1, была дагуляная ўначы па еўрапейскім часе. Для беларускі гэта ўжо другі такі выпадак – яе апошні паядынак групавой стадыі з Аленай Рыбакінай таксама быў спынены з-за дрэннага надвор’я. Першай фіналісткай цяперашняга выніковага турніру стала амерыканка Джэсіка Пегула, якая разграміла ў першым паўфінале сваю суайчынніцу Коры Гаўф – 6:2, 6:1.

Пры дагульванні Свёнтэк упэўнена перамагла ў дзвюх партыях – 6:3, 6:2. Калі польская тэнісістка пераможа ў фінале, яна зноў стане першай ракеткай свету.

Макс Ферстапен выйграў Гран-пры Сан-Паўлу.

Для гоншчыка „Рэд Бул” гэтая перамога стала ўжо 17-й у сезоне. Другое месца заняў Ланда Норыс на „Макларэне”. Яго ж заўзятары прызналі гоншчыкам дня. Норыс усталяваў і найхучэйшае кола. Трэцім фінішаваў Фернанда Алонса на „Астан Марціне”. Іспанец абышоў Серхіа Перэса, які стаў чацвёртым, на 0,053. На фінішы іх падзялілі лічаныя сантыметры. Наступны этап Формулы-1 пройдзе з 16 па 18 лістапада на новай трасе ў Лас-Вегасе.

Беларускае Радыё Рацыя