Швецыя прызначыла амбасадара пры беларускіх дэмсілах



6 лістапада Святлана Ціханоўская ў Вільні сустрэлася з міністрам замежных спраў Швецыі Тобіасам Більстрамам. Суразмоўцы поўныя аптымізму — гаворка можа ісці пра новы этап адносін са Швецыяй, паведамляе nashaniva.com.

Швецыя прызначае спецыяльнага пасланца па беларускіх справах, які будзе працаваць з беларусамі выгнання і беларускім дэмакратычным рухам. Такім прадстаўніком стала былая амбасадарка Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан.

Акрамя гэтага, Ціханоўская і кіраўнік шведскага МЗС абмеркавалі супрацоўніцтва ў розных галінах, у тым ліку ў культурнай, падтрымку палітвязняў і магчымыя шляхі іх вызвалення. Гаварылі таксама пра магчымасць узмацнення санкцый на беларускі рэжым.

Як знак падзякі за супрацоўніцтва, Ціханоўская ўручыла Більстраму ўзнагароду «Крыж дабрасуседства».

Більстрам, у сваю чаргу, падчас адмысловага брыфінгу адзначыў неабходнасць узмацнення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і ўсіх адказных за рэпрэсіі і ціск на беларускае насельніцтва. Таксама ён падкрэсліў неабходнасць для Еўразвяза спрыяць больш шчыльнай інтэграцыі з Беларуссю.

Гэта не першы спецпрадстаўнік краіны ЕЗ пры офісе Святланы Ціханоўскай. З дэмсіламі працуюць амбасадары з Польшчы (Артур Міхальскі), Эстоніі (Марка Каплімаа), Літвы (Аста Андрыяўскене) і Францыі (Віялен дэ Вільмёр).