У Макара Краўцова быў псеўданім Smreczynski
Пад псеўданімам K. Smreczynski ў польскай віленскай прэсе 1920-1930 гадоў пісаў беларускі дзеяч Макар Касцевіч (Краўцоў). Краязнавец і перакладчык з Ліды Леанід Лаўрэш адшукаў шэраг яго артыкулаў у віленскай польскай прэсе пачатку ХХ стагоддзя. Адзін з іх у перакладзе на беларускую мову надрукавала электроннае выданне “Наша слова. Pdf”. Гэта артыкул Макара Краўцова называецца “Паэтычная творчасць віленскіх беларусаў”. Макар Краўцоў згадаў творчасць заходнебеларускіх паэтаў Леапольда Родзевіча, Гальяша Леўчыка, Казіміра Сваяка, Наталлі Арсенневай, Станіслава Станкевіча, Уладзіміра Жылкі, Франука Грышкевіча, Міхася Васілька, Аўгена Бартуля, Хведара Ільяшэвіча і Міхася Машары. З БССР у яго агляд трапіў толькі Уладзімір Дубоўка.
Сярод іншых матэрыялаў свежага нумару “Нашага слова” звяртаюць на сябе ўвагу артыкулы пра Івана Замоціна, Вячаслава Адамчыка і Віктара Яраца з нагоды іх юбілееў.
Друкуе “Наша слова” працяг вялікага даследавання “Беларусы сустракаюцца з індзейцамі”, рэпартажы з 37-х “Каласавінаў”, з Дзядоў у Сейлавічах на Нясвіжчыне, з прэзентацыі кнігі Юрыя Бяганскага і шмат іншых цікавых матэрыялаў для чытання.
Беларускае Радыё Рацыя