Сабаленка страціла першае месца ў рэйтынгу WTA 15
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка страціла статус першай ракеткі свету. Яе зрушыла польская спартоўка Іга Свёнтэк. Сабаленка саступіла Свёнтэк у паўфінале выніковага турніру WTA. Каб выйсці на першае месца, польскай тэнісістцы трэба было выйграць турнір, што яна і зрабіла, абыграўшы ў фінале Джэсіку Пегулу 6:1, 6:0. У выніку Свёнтэк набрала 9295 ачкоў рэйтынгу, абышоўшы Сабаленку, у якой зараз 9050 ачкоў. Арына Сабаленка ўзначальвала рэйтынг WTA з 11 верасня. Да гэтага першай ракеткай свету была Іга Свёнтэк.
БАТЭ і „Астравец” вызначаць апошняга чвэрцьфіналіста Кубка Беларусі
У розыгрышы Кубка Беларусі па футболе вызначыцца апошні ўдзельнік чвэрцьфінальнай стадыі. У заключным паядынку 1/8 фіналу фіналісты мінулага кубкавага турніру футбалісты барысаўскага БАТЭ сёння сустрэнуцца на сваім полі з прадстаўніком першай лігі нацыянальнага першынства „Астраўцом”. Да гэтага ў васьмёрку чвэрцьфіналістаў прабіліся цяперашні ўладальнік Кубка – жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ”, а таксама менскае „Дынама”, гарадзенскі „Нёман”, „Мінск”, салігорскі „Шахцёр”, „Іслач” з Менскага раёна, а таксама адзін клуб з другога дывізіёна беларускага чэмпіянату – „Віцебск”.
Ліга чэмпіёнаў: чатыры клубы могуць датэрмінова выйсці ў 1/8 фіналу
У групавым раундзе футбольнай Лігі чэмпіёнаў адбудуцца стартавыя паядынкі другога круга. У выпадку перамог у матчах 4-га тура пропуску ў плэй-оф могуць забраніраваць сабе чатыры клубы, якія ўжо выйгралі па тры сустрэчы. Сёння шанец прабіцца ў 1/8 фіналу мае дзейны пераможца галоўнага кантынентальнага турніру англійскі „Манчэстэр Сіці”, які прыме на сваім полі швейцарскі „Янг Бойз”. У іншым паядынку групы G сербская „Црвена Звезда” ў Бялградзе будзе супернічаць з нямецкім „Лейпцыгам”. У групе Н іспанская „Барселона” выйдзе ў плэй-оф у выпадку поспеху ў матчы з украінскім „Шахцёрам”, які адбудзецца ў Гамбургу. Партугальскі „Порту” згуляе на хатняй арэне з бельгійскім „Антверпенам”. Заўтра ў 1/8 фіналу могуць прайсці яшчэ два фаварыты чэмпіёнскай Лігі – мюнхенская „Баварыя” і мадрыдскі „Рэал”. Чэмпіёны Германіі ў 4-м туры групы А прымуць турэцкі „Галатасарай” са Стамбула, а лідар квартэта С сустрэнецца ў іспанскай сталіцы з партугальскай „Брагай”.
Баскетбалісты „МІНСКА” прымуць „Уралмаш” у Адзінай лізе ВТБ
Баскетбалісты „МІНСКА” правядуць чарговы паядынак рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ. Пасля сямі паразаў запар падначаленыя Расціслава Вергуна сёння паспрабуюць здабыць першую перамогу ў новым сезоне ў хатняй сустрэчы з дэбютантам „банкаўскага” турніру – „Уралмашам” з Екацярынбурга. Сустрэча на паркеце сталічнага Falcon Club пачнецца ў 19.00. Уральская каманда правяла ўжо восем сустрэч, святкаваўшы чатыры вікторыі.
Беларускае Радыё Рацыя