„Шахцёр” сенсацыйна абыграў „Барселону”



Украінскі „Шахцёр” у хатнім матчы Лігі чэмпіёнаў сенсацыйна перамог іспанскую „Барселону” з лікам 1:0. Лік у хатняй гульні, якая праходзіла ў Гамбургу, адкрылі намінальныя гаспадары: на 40-й хвіліне Данііл Сікан галавой адправіў мяч у кут брамы пасля навесу партнёра. „Барселона” перахапіла ініцыятыву, але забіць мяч „Шахцёру” ім не ўдалося. Бразільскі нападнік „Шахцёра” Нэвертан забіў іспанцам другі мяч, аднак рэферы адмяніў гол з-за афсайда. Такім чынам, Барселона пацярпела першую паразу ў цяперашнім розыгрышы Лігі чэмпіёнаў, але ўсё яшчэ застаецца на першым месцы. У „гарнякоў” – 6 ачкоў пасля чатырох матчаў. Яны дзеляць другое-трэцяе месцы ў групе з партугальскім „Порту”, які на сваёй арэне перамог бельгійскі „Антвэрпэн” з лікам 2:0. Англійскі „Манчэстэр Сіці” і нямецкі „Лейпцыг” сталі першымі ўдзельнікамі плей-оф футбольнай Лігі чэмпіёнаў. У паядынку 4-га тура групы G дзейны пераможца чэмпіёнскай Лігі абыграў у Манчэстэры швейцарскі „Янг Бойз” 3:0. Сербская „Црвена Звезда” саступіла ў Бялградзе „Лейпцыгу” – 1:2. У іншых матчах дня „Атлетыка” разграміў шатландскі „Селтык” – 6:0, „Лацыё” мінімальна абыграла „Феенорд” – 1:0. Дортмундская „Барусія” была мацней за „Ньюкасл”- 2:0, а гол Жыру прынёс перамогу „Мілану” – 2:1.

Футбалісты БАТЭ апошнімі выйшлі ў чвэрцьфінал Кубка Беларусі

Футбалісты барысаўскага БАТЭ сталі апошнімі чвэрцьфіналістамі Кубка Беларусі. У заключным матчы 1/8 фіналу барысаўчане перамаглі на хатняй арэне прадстаўніка першай лігі беларускага першынства „Астравец” з лікам 3:1. Усе галы ў гэтай сустрэчы былі забіты ў першым тайме. Галамі адзначыліся Аляксандр Шасцюк, Мацвей Свідзінскі і Кірыл Чарнавок, а перад самым перапынкам абаронца БАТЭ Аляксандр Мартынаў зрэзаў мяч у сваю браму. Раней у чвэрцьфінал выйшлі цяперашні ўладальнік Кубка краіны жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ”, а таксама менскае „Дынама”, гарадзенскі „Нёман”, „Менск”, салігорскі „Шахцёр”, „Іслач” з Менскага раёна і адна каманда з другога дывізіёна нацыянальнага чэмпіянату – „Віцебск”.

Хакеісты „Віцебска” абыгралі „Гомель” у матчы беларускай экстралігі

У рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай экстралігі адбыўся адзіны матч – у Віцебску мясцовы клуб прымаў „Гомель”. Стартавая трэць матчу скончылася з мінімальнай перавагай паўночнікаў – на 18-й хвіліне лік адкрыў Аляксандр Ляўко. Адказу гасцей давялося чакаць да канца другога перыяду, калі вызначыўся Арцём Мікіціч. У сярэдзіне трэцяга гульнявога адрэзка Ілля Камбовіч зноў вывеў „Віцебск” наперад, але пераможны лік „мядзведзі” не ўтрымалі – за 30 секунд да сірэны Леў Камісараў перавёў сустрэчу ў авертайм. Дадатковая пяціхвілінка пераможцу не выявіла, а ў серыі булітаў дакладней апынуліся гаспадары. У выніку 3:2, паўночнікі працягваюць пераможную серыю да сямі гульняў.

„Менск” прайграў „Уралмашу” ў Адзінай лізе ВТБ

Баскетбалісты „Менска” зноў не змаглі дамагчыся перамогі ў матчы Адзінай лігі ВТБ. Восьмае фіяска запар менчукі пацярпелі на сваёй пляцоўцы ў паядынку з пачаткоўцам гэтых спаборніцтваў екацярынбургскім „Уралмашам” – 73:101. Самым выніковым у складзе беларускай каманды стаў Якаб Чабашак, у актыве якога 20 набраных ачкоў.

Беларускае Радыё Рацыя