На чым трымаецца беларуская эканоміка?
Насуперак першапачатковым прагнозам на гэты год, за дзевяць месяцаў ВУП Беларусі вырас на 3,5%. Як і за кошт чаго ён фарміруецца, у сваім тэлеграм-канале расказалі аналітыкі праекта “Нашы грошы”.
Большую частку беларускай эканомікі складае сфера паслуг. У другім квартале гэтага года на яе прыпадала 51,4 працэнта эканомікі. Яшчэ 36,7 працэнта эканомікі складае сфера вытворчасці. І, нарэшце, астатнія 11,9% складаюць падаткі. Аснова беларускай эканомікі – прамысловасць – фарміруецца ў апрацоўчай сферы, на якую прыпадае чвэрць усёй эканомікі краіны. Будаўніцтва фарміруе яшчэ 5,1 працэнта, а вытворчасць электраэнергіі 3,1 працэнта. Яшчэ столькі ж дае эканоміцы краіны сфера сельскай гаспадаркі.
“Такім чынам, для беларускай эканомікі характэрна перавага сферы паслуг у цэлым, аднак з высокай доляй залежнасці ад апрацоўчай прамысловасці. З улікам высокай долі дзяржавы ў апошняй, гэта робіць эканоміку вельмі ўразлівай для знешніх шокаў і патрабуе ў выпадку сацыяльна-арыентаванай мадэлі… ручнога кіравання”, – робяць выснову аналітыкі.
Літва пільна сочыць за перавозкай грузаў, звязаных з Беларуссю
Літоўская кампанія LTG Cargo у кастрычніку адхіліла 55 заявак на перавозку грузаў, звязаных з Беларуссю, паведамляе партал Delfi са спасылкай на даныя перавозчыка. Так, адхіленыя на мінулым тыдні заяўкі тычыліся перавозкі 83 вагонаў, большасць з іх была са збожжам, а таксама былі іншыя грузы, нафта і нафтапрадукты.
Як прыгадвае “Позірк”, пачынаючы з сакавіка бягучага года літоўская кампанія ўзмацніла кантроль за грузамі, каб прадухіліць спробы абыходу санкцый. Падставай стаў той факт, што 13 студзеня ў Літве пачалі расследаванне паставак у краіну кантрабанды ўгнаенняў, вырабленых прадпрыемствам “Гродна Азот”, што трапіла пад санкцыі Еўразвязу. У рамках расследавання ў Літве затрымалі звыш трох тысяч тон карбаміду на суму больш як два мільёны еўра, якія перавозілі чыгункай.
Буйны штраф за скон буйной рагатай жывёлы
Пракуратура Слонімскага раёна запатрабавала спагнаць з двух працаўнікоў сельскагаспадарчага прадпрыемства амаль 61 тысячу рублёў за скон быдла
Галоўны ветэрынарны ўрач і брыгадзір вытворчай брыгады схавалі інфармацыю пра тое, што сканала 43 асобіны буйной рагатай жывёлы. Яны падрабілі акты і накладныя. Пры гэтым службовыя асобы не складалі пратаколы ўскрыцця загінулых жывёл, а вырабілі і падпісалі падробленыя акты на іх выбыццё на адрас іншай юрыдычнай асобы. У выніку прадпрыемству нанесены значны ўрон. У добраахвотным парадку адказчыкі не пакрылі суму ўрону, удакладнілі ў пракуратуры.
Нафта ў свеце таннее. Што адбываецца?
Таргі нафтавымі кантрактамі на сусветных біржавых пляцоўках адлюстроўваюць у апошнія дні зніжэнні цэн на эталонныя сарты. Так, фьючарсы на марку нафты Brent дасягнулі адзнакі 82 даляры за барэль упершыню з 24 жніўня. А кошт фьючарсаў на марку WTI на лонданскай біржы апусціўся ніжэй за 80 даляраў за барэль упершыню з 29 жніўня.
Паводле аналітыкаў The Wall Street Journal, да падзення цэн на нафту да мінімальных значэнняў са жніўня прывёў моцны курс даляра, а таксама высокія працэнтныя стаўкі, з-за якіх попыт на энерганосьбіты ўпаў, асабліва на рынках, якія развіваюцца. Цэны на нафту пачалі былі расці на фоне канфлікту паміж Ізраілем і ХАМАС, але цяпер гэты рост спыніўся. Акрамя таго, паніжаны попыт на нафту і дызельнае паліва тлумачыцца і цёплым надвор’ем у Еўропе.
Далей цэны на нафту не падаюць толькі дзякуючы рашэнню Расеі і Саудаўскай Аравіі добраахвотна скараціць пастаўкі, піша Office Life.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: ekonomika.by.