Навошта патрэбная „экстрэмізацыя” беларусаў
Больш за 16 тысяч злачынстваў „экстрэмісцкага характару” было здзейснена ў Беларусі пасля пратэстаў 2020 года, паведаміў кіраўнік генеральнай пракуратуры Андрэй Швед.
Здавалася б, ды проста хапайце, штрафуйце, тэрарызуйце, запужвайце, але „экстрэмізм” то тут пры чым? Тым больш, Швед гаворыць пра 70% з названых 16 тысяч – у інтэрнэце „экстрэмізмам займаліся”.
Падчас двухмесяцовых акцый пратэсту 2017 года, тых самых дармаедскіх, я адкрыў для сябе новы выраз з міліцэйскага лексікону – „оппозиционно-настроенное лицо”.
На вуліцы выходзілі тыя, каго завуць „рабацягі”, іх не білі дубінкамі, іх не катавалі ў засценках. Лукашэнка ставіўся да сваёй электаральнай базы трапятліва.
І там і праўда нельга было сказаць, што асобы тыя былі апазіцыйна-настроеныя да Лукашэнкі. „Дармаедскі” ўказ спынілі, і людзі супакоіліся.
Але гэтыя „рабацягі”, а часта іх бацькі-пенсіянеры, дазволілі сабе выхад супраць улады як такой.
Думаю, што спіс „апазіцыйных” лукашэнкаўскі КДБ пераняў яшчэ ад папярэдняга савецкага. Толькі там былі сотні ці пару тысяч, а цяпер толькі „экстрэмістаў” 16 тысяч, гэта ў дадатак да „апазіцыйна-настроеных”.
Я ўпэўнены, што ў галаве Лукашэнкі ды яго атачэння існуе нейкі момант „ікс”. Калі планы Пуціна па змене сусветнага парадку пачнуць рэзка здзяйсняцца, і дзесьці там на белым матацыкле будзе ехаць і Лукашэнка ў пераможным шэсці.
„Беглых” не робіцца дастаткова, каб цалкам змяніць структуру грамадства. То бок у Беларусі жыве ўсё яшчэ большасць людзей, якія не прымаюць дыктатарскі рэжым. А Лукашэнка паралельна з Крамлём ладзіць мабілізацыю грамадства паводле фашысцкага прынцыпу ў Італіі ў 1920-х гадах. Прынамсі, спрабуе.
Агульна палітычны фон цяпер выглядае як штосьці застылае, стабілізаванае на некалькі гадоў наперад. Але маятнік мусіць свой шлях дайсці да канца.
Думаю, што гэтае шалёнае штампаванне „экстрэмістаў” – гэта спісы людзей, якіх трэба будзе інтэрнаваць у лагеры, каб яны не маглі ладзіць падпольныя дзеянні на выпадак, калі РФ з дапамогай Лукашэнкі пачне нейкія баявыя дзеянні супраць краін Еўразвязу. Напрыклад, прарубанне „Сувалкскага калідору”.
Калі хтосьці скажа, што такое не магчыма, узгадайце, ці ўяўляўся свету паход на Кіеў у 2022 годзе.
Задача беларускіх арганізацый у замежжы – распрацоўка пратаколаў бяспекі для суайчыннікаў на акупаванай лукашыстамі тэрыторыі.
Гукавы файл:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя